Ці працаўладкуюць беспрацоўных да 1 траўня?
Старшыня Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук распавядае, ці змогуць улады ў кароткія тэрміны вырашыць праблему беспрацоўя.
Лукашэнка даручыў да 1 траўня працаўладкаваць усіх беспрацоўных.
“У якое б я месца і раён ні прыехаў, мой памочнік выедзе туды загадзя і запросіць публічна беспрацоўных людзей да мяне на сустрэчу, – заявіў ён. – І не дай бог пасля 1 траўня такія людзі будуць”.
Аляксандр Ярашук: Я думаю, што сур’ёзна да такіх заяў ставіцца нельга. Тут больш піяр, і гэта цудоўна разумее сама ўлада. Таму, як кажуць, якое пытанне, такі будзе і адказ з боку тых, каму даручаць выканаць гэты загад. Хутчэй за ўсё, зробяць выгляд, што людзей працаўладкавалі ды намалююць неабходныя лічбы. І, мяркую, вялікай цікавасці да гэтага нікому не будзе. Заява зроблена проста на патрэбу сёняшняга дня, таму што сітуацыя ў грамадстве напружаная. Вось і робяць усе захады для таго, каб разрадзіць абстаноўку і накал эмоцый, што пануюць у грамадстве.
РР: Відавочна, што тэма беспрацоўя – надзвычай складаная, якую не вырашыць за некалькі месяцаў па загаду…
Аляксандр Ярашук: Гэтая праблема – найскладанейшая! Яна патрабуе зусім іншых захадаў, зусім іншай палітыкі і значна большага часу для вырашэння. Для гэтага спатрэбіцца не два месяцы і нават не два гады, таму што відавочна – эканоміка аказалася ў крытычным стане з-за таго эканамічнага курса, што ладзіўся. Калі па-сапраўднаму вырашаць праблему беспрацоўя, занятасці і стварэння новых працоўных месцаў, то трэба поўнасцю лібералізаваць эканоміку і прынцыпова змяніць эканамічную палітыку. Але ж мы бачым, што карэнныя рэформы не робяцца, таму можна з упэўненасць казаць – да 1 мая абсалютна нічога не зменіцца з працаўладкаваннем людзей.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя