Ці працягне зніжацца даляр?
Эканаміст Барыс Жаліба патлумачыў, ці паўплываюць амерыканскія санкцыі ў дачыненні да Ірана на беларускі валютны рынак.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што падпісаў указ аб увядзенні «жорсткіх санкцый» супраць Ірана. Абмежаванні сталі адказам на тое, што Іран збіў амерыканскі беспілотны апарат, а таксама ў святле нападаў на два танкеры ў Аманскай затоцы, адказнасць за якія ЗША ўсклалі на Іран.
Барыс Жаліба: Не думаю, што санкцыі вельмі паўплываюць на кошты на нафту. Безумоўна, санкцыі пэўным чынам абцяжараць экспарт іранскай нафты. Таму варта чакаць яе меншую колькасць на рынку, а значыцца і падвышэнне цаны. Гэта выгодна і расейскаму рублю, і беларускаму, які знаходзіцца ў прамой залежнасць ад свайго расейскага “калегі”. У той жа час ЗША можа павялічыць здабычу нафты ў сваёй краіне альбо раскансервуе рэзервы з тым, каб кошты на нафту не павялічваліся.
РР: Гэта не ў інтарэсах Амерыкі?
Барыс Жаліба: Рост коштаў на нафту працуе на карысць расейскай эканомкі, а ЗША гэта не патрэбна, улічваючы, што і ў дачыненні да Масквы ёсць санкцыі.
Адным словам, пакуль невядома, ці будуць расці кошты на нафту, а значыцца невядома і тое, як будзе складвацца сітуацыя на беларускім валютным рынку.
Як бачым, апошнім часам цана на нафту крыху вырасла, а значыцца і ўмацаваўся беларускі рубель.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя