Ці працягнецца падзенне беларускага рубля?
Старшы аналітык кампаніі “Альпары” Вадзім Іосуб кажа, што расейскі рубель можа пацягнуць за сабой на дно беларускую валюту.
Учора на таргах у Менску даляр ЗША вырас на 0,0501 рубля до 2,0258 BYN/USD і, такім чынам, аказаўся на максімуме за 117 дзён. Еўра падскочыў адразу на 0,0652 рубля до 2,4879 BYN/EUR. Тым часам, за кошт слабасці расейскага рубля беларускі ўмацаваўся да кошыка валют на 0,34%.
Усё гэта абываецца на фоне абвала расейскага рубля, пасля таго, як ЗША ўвялі санкцыі ў дачыненні да Расеі.
Вадзім Іосуб: У сувязі з сітуацыяй у Расеі рызыкі, безумоўна, ёсць і для беларускага рубля. Пры гэтым яны не імгненныя. Учора расейскі рубель згубіў прыкладна 3 адсоткі да замежных валют, і сёння ён працягнуў падзенне, што аўтаматычна прыводзіць да таго, што даляр і еўра даражэюць у дачыненні да беларускага рубля. Але пры гэтым трэба зазначыць, што беларуская нацыянальная валюта ўмацоўваецца да кошыка валют. Таму з аднаго боку наш рубель становіцца больш моцным, а з іншага, калі глядзець у доўгатэрміновай перспектыве, ёсць рызыкі. Бо Расея застаецца асноўным рынкам для беларускага экспарту, і ўмацаванне беларускага рубля да расейскага зробіць нашу прадукцыю на расейскім рынку больш дарагой і, суадносна, менш канкурэнтаздольнай.
РР: Але пры гэты больш таннай для беларусаў становіцца расейская прадукцыя.
Вадзі Іосуб: Тэарэтычна можа паўтарыцца варыянт, які быў напрыканцы 2014 года, калі беларусы масава паехалі ў Расею за пакупкамі. Але трэба заўважыць, што тады гэта адбылося пасля таго, як беларускі рубель умацаваўся да расейскага больш чым на 10 адсоткаў. Зараз такой лічбы яшчэ не дасягнулі. Калі ў бліжэйшы час падзенне расейскага рубля спыніцца, то нейкіх вялікіх наступстваў для беларускай эканомікі не будзе. Калі ж абвал рубля ў Расеі працягнецца, то будзе зніжацца ў дачынені да даляра і еўра і беларускі рубель.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя