Ці працягнецца рост даляра?



На гэтым тыдні ў „абменніках” амерыканскі даляр перайшоў мяжу ў 16 тысяч рублёў. Што будзе далей? Як адрэагуюць тыя, хто захоўвае грошы на дэпазітах у беларускіх рублях? Пра гэта распавядае эканаміст Барыс Жаліба.

1016698604

Барыс Жаліба: Здаецца, яшчэ некалькі месяцаў таму банкаўская статыстыка сведчыла пра тое, што рублёвыя ўклады не растуць і нават зменшыліся. І гэта з улікам таго, што працэнты па рублёвых дэпазітах у разы большыя, чым у валюце. Тым не менш, растуць менавіта валютныя дэпазіты. Зрэшты, мы не ўпершыню сутыкаемся з тым, што пасля чарговага зніжэння даляр вярнуўся да свайго звыклага стану і нават пачаў ставіць абсалютныя рэкорды. Пакуль панікі на валютным рынку не назіраецца, але ёсць тэндэнцыя да паступовай дэвальвацыі. І, безумоўна, будзе узмацняцца трэнд канвертавання рублёвых дэпазітаў у валютныя. Магчыма, павялічыцца попыт на валюту і ў “абменніках”, бо людзі будуць адкладваць грошы, каб яны не “згарэлі”.

РР: Магчыма, рост даляра – гэта добра для эканомікі?

Барыс Жаліба: Нічога добрага ў дэвальвацыйных працэсах няма. Гэта гаворыць пра тое, што ідзём услед за дэвальвацыяй расейскага рубля і абавязаны ісці такім курсам надалей, бо ў адваротным выпадку пацерпіць беларускі экспарт, які сёння знаходзіцца ў дрэнным стане.

РР: У такой сітуацыі ці можна казаць пра зніжэнне стаўкі рэфінансавання, пра што раней заяўляў Нацбанк?

Барыс Жаліба: Пасля дэвальвацыі заўсёды расце інфляцыя, а значыцца стаўка рэфінансавання, як мінімум, павінна заставацца на ранейшым узроўні.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота sputnik.by