Ці працягнуць беларусы здаваць валюту?
Экс-кіраўнік Нацбанка Беларусі Станіслаў Багданкевіч распавядае, чаму ў траўні беларусы здалі валюты на рэкордную суму.
Паводле дадзеных Нацбанка, у мінулым месяцы чысты продаж наяўнай валюты склаў больш за 268 мільёнаў даляраў. Такім чынам, пабіты рэкорд, усталяваны ў верасні 2016 года. Увогуле, толькі з пачатку года насельніцтва прадало наяўнымі даволі вялікую суму – больш за 2,8 мільярда даляраў.
Станіслаў Багданкевіч: Мае прагнозы не спраўдзіліся. Я чакаў, што ў апошні час беларусы менш будуць “праядаць” валюты. Калі раней гэтую тэндэнцыю можна было патлумачыць меркаваннем людзей, што крызіс – з’ява часовая, а таму ўласныя валютныя запасы можна будзе ў хуткім часе папоўніць, то зараз усе бачаць, што паляпшэння ў эканоміцы пакуль не прадбачыцца, а значыцца няма перспектыў і для росту рэальных заробкаў. Народ гэта разумее, але ў той жа час працягвае здаваць валюту. І гэтаму ёсць тлумачэнне. На мой погляд, многія ўжо прызвычаіліся да пэўнага ўзроўню дабрабыту, а таму не збіраюцца “зацягваць паясы”. Вось і падтрымліваюць гэты ўзровень за кошт сваіх валютных зберажэнняў.
РР: Ці працягнуць беларусы здаваць валюту і надалей?
Станіслаў Багданкевіч: Думаю, што так, бо, як ужо казаў, пра падвышэнне заробкаў мы пакуль што чуем толькі з вуснаў кіраўнікоў. На самой справе рэаліі зусім іншыя. Мяркую, у “панчохах” у насельніцтва яшчэ ёсць мільярд даляраў, а можа і больш, таму ёсць яшчэ што праядаць.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя