Ці працягнуцца “катаванні” капейкай?
Эканаміст Барыс Жаліба тлумачыць, чаму паліва падаражэла ўжо дзявяты раз за год.
Аўтамабільнае паліва ў Беларусі з 15 мая чарговы раз падаражэла на 1 капейку. “Белнафтахім” раней паведамляў, што «цэны змяняюцца ў супастаўленні з узроўнем цэн, якія дзейнічаюць на расейскім рынку».
Барыс Жаліба: Расейская нафта, якая пастаўляецца ў Беларусь, стала ў параўнанні з мінулым годам істотна даражэйшая за кошт таго, што пошліну замянілі падаткам на здабычу нафты. Калі раней яна каштавала прыкладна 50 адсоткаў ад сусветнай цаны, то зараз – не менш за 80 адсоткаў. Апошнім часам чыноўнікі распавядаюць, што ў такіх умовах беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы працуюць са стратамі. Унутраныя пастаўкі паліва заўсёды былі стратнымі, таму, падвышаючы цэны на паліва, стараюцца такім чынам зменшыць выдаткі.
РР: Дасціпнікі ўжо назвалі апошнія падвышэнні цэн на паліва “катаваннем аўтааматараў капейкай”.
Барыс Жаліба: Гэта такі псіхалагічны фактар. Калі падвышаць цэны больш сур’ёзна, то гэта можа выклікаць пратэст у грамадстве. Таму ўлады падыходзяць да гэтага пытання вельмі асцярожна. Вырасла цана на 1 капейку – быццам бы для народа і не вельмі шмат. Але ж гэта ўжо дзявятае падвышэнне з пачатку года! Можа быць, і на самой справе лепш бы паднялі кошт адзін раз, а не рабілі гэта дзевяць разоў па капейцы? Гэта ж раздражняе людзей.
РР: Паліва працягне даражэць?
Барыс Жаліба: Паліва ў нас ў апошнія гады практычна ніколі не таннела, так што не варта разлічваць на аптымістычныя прагнозы.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя