Ці працягнуцца звальненні рабочых?



Актывіст незалежных прафсаюзаў Генадзь Фядыніч распавядае пра сумную для працоўных сітуацыю, якая склалася на беларускіх прадпрыемствах.

Генадзь Фядыніч

Як вынікае са справаздачы ААТ, якую надрукавала Міністэрства фінансаў, за першыя тры месяцы бягучага году буйныя беларускія прадпрыемствы звольнілі звыш 13 тысяч работнікаў. Ці працягнецца гэтая сумная традыцыя?

Генадзь Фядыніч: Думаю, што звальненні на прадпрыемствах працягнуцца. Заводы задыхаюцца ад сваёй уласнай прадукцыі на складах, ім неабходна мінімізаваць выдаткі. Праблему вырашаюць з дапамогай так званай аптымізацыі кадраў. У чалавека заканчваецца кантракт – яму кажуць “да пабачэння”. Але, як мне падаецца, улада павінна больш баяцца беспрацоўя, чым інфляцыі. На жаль, у нас практычна няма дзяржаўнай праграмы перакваліфікацыі і навучання на новыя працоўныя месцы. Я маю на ўвазе сферы паслуг і той працы, якую можна выкарыстоўваць у эканоміцы Беларусі. Без гэтага нікуды не падзецца – гэта сусветная практыка. Беспрацоўе можа быць, але частка людзей хаця б пераарыентуецца на эканоміку Беларусі. А што дае біржа працы? На грузчыка ўжо тэндар аб’яўляецца…

РР: Куды пойдуць людзі, якія згубілі працу?

Генадзь Фядыніч: У сваёй большасці – нікуды. Я ж казаў, што няма з гэтай нагоды дзяржаўнай праграмы па перакваліфікацыі. Хіба што на вёску будуць народ адпраўляць – там недахоп працоўнай сілы. Але ці пагадзяцца туды ехаць? Гэта не выхад са становішча.

РР: Рабочыя спакойна ўспрымаюць гэтую сітуацыю?

Генадзь Фядыніч: Я скажу, што незадавальненне ў людзей ёсць і даволі вялікае. Нават тыя, хто працуе, адучваюць зніжэнне заробкаў. Працадаўцы хочуць, каб людзі за меншыя грошы рабілі больш работы. Куды варта, калі чалавек за гадзіну працы атрымлівае каля 20 тысяч рублёў? Сітуацыя наогул такая, што хутка можам пабачыць масавае беспрацоўе.

РР: Можа быць, зараз беларусы накіруюцца працаваць у Расею?

Генадзь Фядыніч: Многія наогул вяртаюцца дадому з Расеі, бо там таксама крызіс. І я не думаю, што расейская эканоміка стане на ногі ў бліжэйшы час. Можа быць, адсоткаў 5-10 беларусаў і знойдзе там працу, але гэта таксама не выхад.

РР: Ці выратуе беларускія прадпрыемствы палітыка звальнення працоўных?

Генадзь Фядыніч: Без мадэрнізацыі прадпрыемстваў звальненні нічога не дадуць. Трэба ствараць канкурэнтную прадукцыь – вось у чым галоўная праблема, а не ў людзях. Можна скраціць колькасць працоўных і да пяці чалавек, але што з таго, калі вашу прадукцыю не куплялі ні раней, ні зараз. Не там праблему шукаюць…

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота bymedia.net