Ці прыслухоўваецца ўлада да ідэй апанентаў?
Эканаміст Барыс Жаліба распавядае пра стогны ўлады пра цяжкае эканамічнае становішча і пра тое, чаму яна сама ў гэтую пастку патрапіла.
«Апошнім часам многім стала зразумела, што Радзіма ў нас адна, – заявіў старшыня НДТРБ Генадзь Давыдзька ў час тэлепраграмы «Клуб рэдактараў». – Ну не можа адзін чалавек адказваць за ўсё, што адбываецца ў краіне. І падкажыце, як зрабіць лепш. Таму што шмат крытыкаў, крыкаў: вось гэта дрэнна, эканоміка, маўляў, у заняпадзе… Добра, згадзімся (і, дарэчы, не толькі ў нас), не будзем апраўдвацца. Што трэба рабіць? У цябе ёсць ідэя? Няма ідэі – крытыкаваць жа проста! І цяпер такі дыялог пажаданы, гэта добры сігнал».
Барыс Жаліба: Ужо даўно многія апазіцыйныя партыі і асабліва Аб’яднаная грамадзянская партыя, дзе моцны эканамічны блок, прапаноўвалі свае праграмы па рэфармаванні эканомікі. І па лініі рэальнай прыватызацыі, і па лініі дыверсіфікацыі нашага экспарту, каб ён не быў арыентаваны толькі на Расею, і па лініі прыцягнення найбольш прагрэсійoнага заходняга капіталу. Але ж улады, як быццам знарок ігнаруюць усе гэтыя прапановы, мяркуючы, што іх эканамічная мадэль – найлепшая. І гэта мадэль у асноўным арыентавана толькі на Расею. А жыццё паказвае, што слова “найлепшая” не адпавядае таму, што адбываецца на самой справе. І даказвае адваротнае. Як толькі эканоміка Расеі ляснулася, патрапіла ў вобласць рэцэсіі, то Беларусь, як прыдатак расейскай эканомікі, таксама пасыпалася. Статыстыка, дарэчы, сведчыць, што ў Расеі ў ІІ квартале падзенне УВП у параўнанні з першым яшчэ больш узмацнілася.
РР: Суадносным чынам павядзе сябе і эканоміка Беларусі?
Барыс Жаліба: А куды ж яна падзенецца з ланцуга, да якога прывязана? А яшчэ да ланцуга замацаваны камень, які кінулі ўніз. І ніхто не ведае, дзе тое дно. Нам застаецца толькі назіраць за тым, ці выкараскаецца Расея са свайго балота. Таму ўладам я насамрэч параіў бы звярнуць увагі на некаторыя слушныя эканамічныя праграмы сваіх апанентаў, а асобным чыноўнікам хацеў бы даць параду займаецца сваёй справай, а не лезці ў сферу, дзе наогул не разбіраюцца.
РР: Улада неаднаразова падкрэслівала, што на радыкальныя эканамічныя рэформы пакуль не ідзе, бо гэта балюча ўспрыме народ…
Барыс Жаліба: Гэта вельмі наіўны падыход, такая своеасаблівая казка для прастакоў. Што значыцца “людзі не гатовы”? Беларусы – такія ж людзі, як і ў іншых краінах, дзе рэформы ўжо адбыліся. Тут уся справа ў кіраўніцтве, якое вядзе эканоміку ў нікуды.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя