Ці радуе эканамістаў добры ўраджай у Драздах?
Эканаміст Барыс Жаліба распавядае пра добры ўраджай на эксперыментальных палях Аляксандра Лукашэнкі і пра сітуацыю ў сельскай гаспадарцы ў краіне.
Прэс-служба кіраўніка Беларусі паведаміла, што поўным ходам ідзе ўборка ўраджаю на эксперыментальных палях Лукашэнкі.
Стала вядома, што кантроль і догляд пасеваў ажыццяўляюць вучоныя Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па бульбаводстве і плодаагародніцтве.
Барыс Жаліба: Добры ўраджай не можа не радаваць, але тут жа трэба разумець, што гэта Акадэмія навук працуе на тое, каб Лукашэнка восенню парадаваўся. Няхай бы гэты вопыт на ўсю краіну перакінулі, бо паказаць народу “пацёмкінскую вёску” – гэта не так ужо і складана. Цяжэй зрабіць так, каб у нашых калгасах каровы былі чыстымі і не здыхалі ад холаду і голаду, ды сельская гаспадарка стала прыбытковай, а не заставалася датацыйнай. Таму такія паведамленні пра ўраджай, які збірае беларускі кіраўник, гэта больш піяр-акцыя.
РР: А чаму наша сельская гаспадарка па-ранейшаму ў асноўным трымаецца на дзяржаўных датацыях?
Барыс Жаліба: Дзяржава насамрэч траціць у розных формах мільярды даляраў на падтрымку сельскай гаспадаркі, і без гэтай падтрымкі многія б сельгаспрадпрыемствы былі б стратнымі. Таму казаць пра эфектыўнасць нашай сельскай гаспадаркі – вялікае пытанне. Тым не менш, экспарт такой прадукцыі дае валюту і нават выглядае ў некалькі лепшым свеце, чым тыя ж сельгаспрадпрыемствы ў Расеі.
Каб жыць без датацый, трэба змяняць сістэму адносін і кіравання гаспадаркамі. Перадавыя краіны робяць стаўку на прыватную ўласнасць на зямлю, на буйное фермерства, якое больш прадуктыўнае. Але ў Беларусі, як бачым, свой шлях эканамічнага развіцця.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота belnaviny.by