Ці рэальныя прагнозы Нацбанка?
Экс-старшыня Нацбанка Беларусі Станіслаў Багданкевіч распавёў, чаму прагнозы Нацыянальнага банка па інфляцыі могуць не спраўдзіцца.
Кіраўнік Нацбанка Павел Калаур заявіў, што па выніках 2020 года інфляцыя прагназуецца ў дыяпазоне 5-6%.
Станіслаў Багданкевіч: Ёсць такі паказчык, як рост грашовай масы. Нацыянальны банк планаваў, што гэты рост будзе ў межах 10-12%, але мы ўжо маем 17 адсоткаў.
Адным словам, грашовы абарот сёння перанасычаны грашыма. І гэта з’яўляецца адной з прыкмет роста інфляцыі і праблем з валютным курсам. Таму зараз нельга сцвярджаць, што Нацбанк здолее ўтрымаць да канца года інфляцыю ў межах 5-6 адсоткаў. Яна можа быць большая.
РР: З 20 траўня стаўка рэфінансавання зніжаецца да 8% гадавых….
Станіслаў Багданкевіч: Мне падаецца, што гэта некалькі несвоечасовы і неасцярожны крок, бо, як ужо казаў, значна вырасла грашовая маса.
Але, як мне падаецца, рашэнне аб зніжэнні стаўкі рэфінансавання прынята пад ціскам урада. Гэта робіць крэдыты для рэальнай эканомікі больш таннымі. Танныя крэдыты – гэта добра, але толькі ў тым выпадку, калі гэта не вядзе да росту інфляцыі, і калі эканоміка расце.
А ў нас эканоміка на мяжы падзення. У першым квартале яно было нязначнае, але, думаю, запасы нерэалізаванай прадукцыі значныя, бо межы і расейскі рынак закрыты. Тым больш, Нацбанк павінен сёння весці сябе вельмі асцярожна.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота БелаПАН