Ці рвануць уверх кошты?
Эканаміст Барыс Жаліба каментуе ўрадавую пастанову, якая адмяняе забарону на рост рознічных коштаў на тавары.
Раней нельга было павышаць кошты ў параўнанні з тымі, якія дзейнічалі на 18 снежня 2014 года. Пастанова Савета міністраў №250 ад 31 сакавіка дазваляе прадаўцам падымаць кошты, паведамляе БЕЛТА.
Дакумент набыў моц з дня прыняцця — 31 сакавіка, але абнародаваны быў толькі 4 красавіка.
Барыс Жаліба: Калі зыходзіць з таго, што нам неабходна рухацца да рыначнай эканомікі, гэтую меру ўрада можна назваць абсалютна адэкватнай.
РР: Ці моцна вырастуць кошты пасля таго, як іх адпусцілі ў свабоднае плаванне?
Барыс Жаліба: Не думаю, што моцна. Заробкі не растуць, пакупальніцкі і ўнутарны попыт не павялічваюцца. На рынках і па гэтых коштах ніхто нічога не купляе, а што будзе, калі іх яшчэ павялічыць? Хоць урад, паўтаруся, зрабіў правільны крок.
РР: Як зараз будуць фарміравацца кошты?
Барыс Жаліба: Будуць прывязвацца да выдаткаў вытворцаў, як і павінна быць па правілах эканомікі. Натуральна, інфляцыя будзе даваць аб сабе ведаць, выдаткі будуць расці. Акрамя таго, трэба ўлічваць, што ў Беларусі, на жаль, эканоміка не была поўнасцю рыначнай. І калі ва ўсім свеце, калі падае кошт на нафту, таннее паліва, то ў нас гэты фактар практычна не дзейнічае. У нас кошты на бензін, салярку ў большай ступені вызначаюць дзяржаўныя акцызы. І так не толькі ў гэтай сферы. Таму кошты на тавары і паслугі будуць расці толькі ўверх.
РР: Ці змогуць улады ў бліжэйчы час справіцца з інфляцый?
Барыс Жаліба: Могуць дабіцца пэўнага выніку, калі не будуць штучна павышаць заробкі і накачваць эканоміку пустымі грашыма. Гэта вельмі небяспечны шлях. Зараз ёсць пэўная стабілізацыя на валютным рынку, але, думаю, будуць чуваць галасы лабістаў, каб зрабіць больш таннымі крэдыты и павысіць заробкі… Калі ўлада паддасца гэтай спакусе, праблемы распачнуцца па старому кругу.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя