Ці рызыкоўна захоўваць грошы ў беларускіх рублях?



Эканаміст Барыс Жаліба патлумачыў, чаму беларусы сёння аддаюць перавагу дэпазітам у нацыянальнай валюце.

Згодна з апошнімі звесткамі, на 1 кастрычніка аб’ём рублёвых укладаў беларусаў складаў 4 млрд. 754 млн. рублёў, а валютных – 6 млрд. 207 млн. даляраў. Гэта, суадносна, на 97 млн. рублёў больш, чым у верасні для укладаў у нацыянальнай валюце і на 2,9 млн. даляраў менш для валютных.

Барыс Жаліба: Валютныя ўклады зараз для насельніцтва практычна не прыносяць ніякага прыбытку, бо 2 адсоткі гадавых – гэта мізер. Натуральна, больш прывабнымі застаюцца рублёвыя дэпазіты пад 12-13 адсоткаў, тым больш, што беларускі рубель апошнім часам не дэвальвуецца і застаецца стабільным.

РР: Ці ёсць рызыкі для тых, хто даверыўся беларускаму рублю?

Барыс Жаліба: Безумоўна, хаця зараз яны значна меншыя, чым 3-4 гады таму. З таго часу, як у Нацбанк прыйшла новая каманда, там вядуць талковую крэдытную і валютную палітыку, а дэвальвацыйныя рызыкі знізіліся.

Палітыка Нацбанка такая, што рублёвыя ўклады нават з улікам інфляцыйных працэсаў усё роўна застаюцца больш выгоднымі. Таму людзі хуценька зарыентаваліся ў сітуацыі, і сталі больш актыўна адкрываць рублёвыя дэпазіты.

Хаця народ павінен памятаць, што сітуацыя ў эканоміцы можа дынамічна развівацца і невядома яшчэ ў які бок. Калі знешнія фактары справакуюць нейкія валютныя шокі, то не зстрахавана краіна і ад дэвальвацыі. Таму я б параіў частку грошай захоўваць у рублях, а частку ўсё-такі ў валюце.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя