Ці сапраўды павялічылася выпраменьванне ў зоне вакол БелАЭС?



Днямі Дзяржкарпарацыя «Расатам» выпадкова апублікавала дадзеныя выпраменьвання за 2 гады ў зоне ля БелАЭС. Паводле гэтых дадзеных, радыяцыйны фон у суседніх населеных пунктах вакол АЭС вырас за год на 40%-80%.

Сітуацыю каментуе радыяцыйны хімік Сяргей Бесараб:

-Гэта быў мэтанакіраваны ўкід ад улад, каб незалежныя эксперты схапілі гэтыя лічбы, а потым улады сказалі, што, глядзіце, яны нават не разумеюць, што мы ім далі за лічбы. То бок, гэта афіцыйная справаздача, але там такія памылкі, проста дзікунскія. Пакуль толькі пачыналася будаўніцтва АЭС, гэту пляцоўку даследавалі. Павелічэнне невялікае ёсць ад таго, што з пачатку будаўніцтва мералася, і зараз. Але гэтае павелічэнне нішто ў параўнанні з той магутнасцю дозаў, якая ёсць на вуліцах беларускіх гарадоў, напрыклад.

Па словах Сяргея Бесараба, вялікую заклапочанасць выклікае тое, што да гэтага часу ў Беларусі не існуе свабоднага доступу да ўсёй інфармацыі, што адбываецца на БелАЭС. Грамадскія слуханні 8-га верасня па ўводзе ў эксплуатацыю другога энергаблока БелАЭС таксама прайшлі з парушэннямі, якія не дазваляюць ацаніць усю карысць і шкоду ад атамнай энергетыкі ў Беларусі.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Сяргея Бесараба і з адкрытых крыніц