Ці шмат бізнесменаў абанкруцяцца?
Эканаміст Леў Марголін прагназуе банкруцтва прадстаўнікоў малога і сярэдняга бізнеса падчас сітуацыі з эпідэміяй.
Леў Марголін: Думаю, будзе даволі шмат банкрутаў, і ў першую чаргу гэта будзе тычыцца тых, у каго бізнес звязаны з грамадскім харчаваннем, турызмам, продажам прадуктаў. Выдаткі застаюцца, а прыбытку няма.
Трохі лягчэй будзе прадпрымальнікам, якія займаюцца нехарчовымі таварамі. А калі яшчэ ў прыватнай уласнасці ёсць гандлёвыя плошчы, то наогул добра. Зараз яны на час могуць закрыцца, а калі сітуацыя нармалізуецца, то ізноў распачнуць гандаль. Пры гэтым крызіс могуць перажыць без дадатковых выдаткаў, звязаных з арэндай.
Але, паўтаруся, частка прадстаўнікоў малога і сярэдняга бізнеса збанкруцяцца, бо ў іх няма вялікіх запасаў. І нерэальна ўзяць пазыкі пад тыя адсоткі, што зараз прапануюць банкі. А праграм крэдытавання малога бізнеса на льготных умовах у нашай краіне, на жаль, няма.
РР: Ці варта чакаць рэальнай дапамогі ад дзяржавы?
Леў Марголін: Вялікай дапамогі не будзе, хаця ўлада і магла б у такой сітуацыі ахвяраваць нейкімі сваімі інтарэсамі і крыху падтрымаць малы і сярэдні бізнес за кошт скарачэння бюракратычнага апарата.
На дзяржаўным роўні патрэбна было вызначыцца, каго варта падтрымаць і ў якім аб’ёме. І дапамагаць трэба ўсім, а не па выбарачным прынцыпе.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: Белсат