Ці створаць у Аршанcкім раёне эканамічны рай?
Эканаміст Леў Марголін распавёў, чым можа закончыцца эканамічны эксперымент у Аршанскім раёне.
Нагадаем, што ў Аршанскім раёне ўсталёўваецца адмысловы рэжым падаткаабкладання ўсіх суб’ектаў гаспадарання. Яны цяпер не будуць плаціць ПДВ пры ўвозе тэхналагічнага абсталявання, ім зніжаюць стаўкі падатку пры спрошчанай сістэме падаткаабкладання да 1%, змяншаюць адлічэнні на пенсіі, скасоўваюць адсоткі за карыстанне адтэрміноўкай у выплаце падаткаў. Змены прадугледжаныя ўказам №506, які падпісаў беларускі кіраўнік.
Леў Марголін: Не веру, што падчас гэтага эксперыменту ў рэгіёне, як кажуць, адразу вырасце горад-сад, але сітуацыя з працоўнымі месцамі ў Аршанскім раёне, безумоўна, палепшыцца. Там будуць лепшыя ўмовы для бізнесу, для прадпрыемстваў, у рэгіён пойдуць фінансы.
Але мяне цікавіць іншая акалічнасць. Там ёсць спробы лібералізаваць заканадаўства, што датычыцца нейкіх дробных эканамічных злачынстваў, плануецца зменшыць праверкі. Вось калі гэта ўдасца здзейсніць, і калі гэты вопыт распаўсюдзіцца на ўсю краіну, то гэта будзе добры вынік.
РР: Грошы, відаць, у рэгіён прыйдуць дастаткова вялікія…
Леў Марголін: Тое, што можна накачаць грошы у асобна ўзяты раён і атрымаць нейкі вынік, то тут вялікага розуму не трэба. Але вынік быў бы значна лепшы, калі б гэтыя грошы ўкладвала не дзяржава, а прыватныя інвестары.
РР: Чаму ўлады пайшлі на такі эксперымент? Жыццё прымушае?
Леў Марголін: З аднаго боку, ёсць нейкая эмацыйная прывязанасць беларускага кіраўніка да Аршанскага раёна і нават закранутае самалюбства. Маўляў, абяцаў жа раней зрабіць рай у гэтым рэгіёне. І калі не атрымалася раней, то трэба паспрабаваць зараз, калі ты гаспадар свайму слову. Не выключана, што гэтай акалічнасцю ў пэўнай ступені скарыстаўся ўрад для таго, каб ажыццявіць нейкія свае эканамічныя планы. Хочаце, каб квітнеў Аршанскі раён? Давайце правядзём там эксперымент. Спалучэнне двух падыходаў можа даць вынік. Не скажу, што ён будзе вельмі прарыўным, але нешта можа атрымацца.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя