Ці “свеціць” Беларусі крэдыт МВФ?



Эканаміст Барыс Жаліба разважае аб тым, ці паўплывае вызваленне палітвязняў на атрыманне крэдыту Міжнароднага валютнага фонду.

Барыс Жаліба

Некаторыя эксперты мяркуюць, што вызваленне палітвязняў не азначае аўтаматычнага выдзялення Беларусі заходніх крэдытаў. Ці так гэта?

Барыс Жаліба: Калі казаць пра МВФ, то афіцыйна ён ніколі не звязваў сваю дзейнасць пра крэдытных справах з палітычнымі фактарамі. І, калі місія МВФ прыязджае ў Беларусь, у сваім заключэнні яна ўтрымлівае толькі эканамічны блок пытанняў. Іншая справа, што асноўныя донары МВФ – гэта ЗША і развітыя краіны Еўразвязу, якія ўскосна ўлічваюць эканамічную і палітычную сітуацыі ў краіне, якой збіраюцца даць крэдыт. Паўтаруся, не наўпрост, а менавіта ўскосна. У кулуарах.

РР: Яшчэ ў 2011 годзе былая кіраўніца Нацбанка Надзея Ермакова сказала на прэс-канферэнцыі: “Ці будзе крэдыт МВФ? Хутчэй за ўсё, не будзе. Нават, калі мы выканаем усе патрабаванні, самае галоўнае пытанне – палітычнае. Трэба выпусціць усіх палітвязняў. Але яны не хочуць выходзіць”. Сёння палітзняволеныя на волі, што далей?

Барыс Жаліба: Безумоўна, адносіны палепшацца, але не думаю, што ўжо заўтра мы атрымаем крэдыт МВФ. Таму што тыя эканамічныя прэтэнзіі, што фонд рэгулярна прад’яўляе да беларускай эканомікі, застануцца. А гэтыя пытанні галоўныя. Могуць з нагоды крэдыта працягвацца нейкія перамовы, МВФ, напэўна, запатрабуе план рэформаў. Пакуль гэта не будзе ўзгоднена, грошай не дадуць. А працэс можа расцягнуцца і на год, і на два.

РР: Гэта жыццёва неабходны крэдыт для беларускай улады?

Барыс Жаліба: Безумоўна. Мы павінны рэфінансаваць прыкладна палову таго, што неабходна заплаціць па даўгах. Каля 2 мільярдаў даляраў трэба недзе знайсці. А Расея такіх грошай пакуль не абяцае. У падвешаным стане знаходзіцца і яшчэ адзін транш Антыкрызіснага фонду – 440 мільёнаў даляраў. Але гэтых грошай недастаткова для краіны. Калі ўлады не знойдуць некалькі мільярдаў, то Беларусь не справіцца з абслугоўваннем знешняга дзяржаўнага доўга.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя