Ці ўдарыць каронавірус па беларускай эканоміцы?
Эканаміст Барыс Жаліба распавёў, як сітуацыя з каронавірусам адаб’ецца на эканамічных паказчыках краіны.
Барыс Жаліба: Безумоўна, уся гэтая сітуацыя моцна ўдарыць па беларускай эканоміцы. Усе краіны, якія мяжуюць з Беларуссю, з-за каронавіруса закрылі межы для перамяшчэння фізічных асобаў, а дзелавыя кантакты, дамовы заключаюцца людзьмі.
У той жа час трэба адзначыць, што межы не закрываюцца для перамяшчэння тавараў, таму ў цэлым эканоміка будзе працаваць. Але агульная сітуацыя будзе дрэнная для эканамічных вынікаў.
РР: Што будзе з ВУП Беларусі?
Барыс Жаліба: Акрамя таго, што ВУП Беларусі зменшыўся ў студзені і ў лютым, гэтае змяншэнне працягнецца і ў сакавіку. Паколькі пытанні з пастаўкамі нафты не вырашаны, то мы будзем правальвацца і далей.
А каронавірус таксама пэўным чынам уплывае на кошты на “чорнае золата”. Эканоміка павінна перажыць гэты спад, які, дзеля справядлівасці, будзе ва ўсім свеце.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота svaboda.org