Ці ўмацуе Эмануэль Макрон еўра?



Экс-старшыня Нацбанка Беларусі Станіслаў Багданкевіч лічыць, што апошнія падзеі ў ЗША і Францыі спыняць падзенне еўрапейскай валюты ў адносінах да амерыканскай.

РР: Некаторыя эксперты прагназавалі, што да канца года даляр можа зраўняцца з еўра. Гэта магчыма?

Станіслаў Багданкевіч: Я таксама меркаваў, што падзенне еўра працягнецца, але змяніў сваю пазіцыю з улікам зменаў палітычнай сітуацыі ў Францыі і ЗША. Пасля абрання Эмануэля Макрона прэзідэнтам Францыі, думаю, Еўразвяз будзе змяняць сваю палітыку – у тым ліку і эканамічную. І гэта павінна прывесці да ажыўлення еўрапейскай эканомікі ў большай ступені, чым было раней. Не так даўно адбылася сустрэча новаабранага французскага прэзідэнта з канцлерам Германіі, і яны вялі гаворку менавіта пра будучыя рэформы. Наколькі я зразумеў, для Францыі галоўная рэформа – падвышэнне эфектыўнасці эканомікі. У той жа час прэзідэнт ЗША Дональд Трамп лічыць, што варта падняць сваю эканоміку, і ён гатовы ісці на некаторыя абмежаванні імпарту і гэтак далей. На мой погляд, усё гэта прывядзе да таго, што статус-кво даляра і еўра прыкладна захаваецца. Магчыма, нават невялікае ўмацаванне еўра. 

РР: Чаму ў апошнія гады еўрапейская валюта моцна здала пазіцыі ў адносінах да амерыканскай?

Станіслаў Багданкевіч: Таму што Еўразвяз развіваецца больш марудна, чым ЗША. Гэта можна меркаваць нават па ўроўні беспрацоўя – у Еўропе ён амаль у два разы вышэйшы, чым у Амерыцы. Ідзе глабалізацыя ўнутры Еўразвяза, а такія краіны, як Грэцыя, Італія альбо Іспанія, плятуцца ў хвасце. Таму гэтыя праблемы трэба вырашаць. У той жа час ЗША пры Абаме развіваліся больш хуткімі тэмпамі, амерыканская эканоміка была больш эфектыўная. Усё гэта і прывяло да падзення еўра.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя