Ці ўплывае каранавірус на беларускі рубель?
Cтаршы аналітык кампаніі “Альпары” Вадзім Іосуб патлумачыў, чаму на першых лютаўскіх таргах абваліўся беларускі рубель.
3 лютага беларускі рубель дэвальваваўся да даляра да мінімуму амаль за год, а да еўра – амаль за 10 месяцаў.
Цана красавіцкіх ф’ючарсаў на нафту маркі Brent знізілася да мінімальнага за 13 месяцаў узроўню. Кошт нафты апускаўся ніжэй за $55 за бараль упершыню з пачатку студзеня 2019 года. Попыт на нафту ў Кітаі з-за эпідэміі каронавіруса зменшыўся на 20%, з 20 студзеня цэны ўпалі на 13%.
Некаторыя кажуць, што ў выпадку абвастрэння эпідэміі ў Кітаі курс даляра і еўра ў Беларусі працягнуць расці.
Вадзім Іосуб: Калі зыходзіць з кошту валютнага кошыка, то з беларускім рублём нічога асаблівага не адбываецца. Гэты кошт з пачатку бягучага году крыху расце – менш чым на 1 адсотак.
Пры гэтым з пачатку года была адзначана высокая валацільнасць расейскага рубля. У першую палову студзеня ён рос да даляра і еўра, а ў другой палове знізіўся, калі пачалася эпідэмія ў Кітаі і пайшла рэзка ўніз цана на нафту. Суадносна пачаў зніжацца расейскі рубель, а за ім і беларускі. Адным словам, на беларускі рубель аказваюць уплыў цэны на нафту і сітуцыя на валютным рынку у Расеі.
РР: Калі эпідэмія працягнецца, то, відаць, працягне зніжацца і цана на нафту. Суадносна, у Беларусі таксама будзе абясцэньвацца нацыянальная валюта. Якія тут прагнозы?
Вадзім Іосуб: Мяркую, што трэба пачакаць тыдзень-два, бо ў бліжэйшыя дні пачнецца пасяджэнне тэхнічнага камітэта краін-экспарцёраў нафты. Гэта будзе датэрміновае мерапрыемства, яно павінна было адбыцца ў сакавіку.
Затым будзе датэрміновае пасяджэнне ўжо міністраў гэтых краін, і там будзе прымацца нейкае рашэнне па далейшым скарачэнні паставак нафты.
Таму многае будзе залежыць ад вынікаў гэтых сустрэч, а таксама ад таго, ці працягнецца эпідэмія ў Кітаі. Ад гэтых фактараў і будуць залежыць далейшыя паводзіны нафты на сусветным рынку, і суадносна, лёс расейскага і беларускага рубля.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя