Ці ўратуюць літоўскія інвестыцыі беларускую эканоміку? (абноўлена)



27 траўня ў Лідзе завяршае працу ХІІ Беларуска-літоўскі эканамічны форум.

Лідская пляцоўка нездарма была выбраная для правядзення форума, бо сам горад знаходзіцца ў непасрэднай блізкасці ад Літвы і даўно звязаны як эканамічнымі так і культурнымі сувязямі з паўночна-заходнімі суседзямі.

Сёлета ён сабраў у Лідзе больш за 200 прадстаўнікоў бізнес-колаў суседніх краін. Асноўнай тэмай форума ў гэтым годзе стала супрацоўніцтва Беларусі і Літвы ў сельскагаспадарчай галіне, сферах турызму, транспарту і лагістыкі. Гаворыць прадстаўнік асацыяцыі авіяцыі Літвы:

— Гэта толькі адзін праект. Такіх дзеянняў ніколі не будзе надта мала, і кожная падобная ініцыятыва, ці то паміж 2 арганізацыямі, ці то паміж 2 дзяржавамі, гэта як каталізатар для будучай супрацы. А калі мы кажам пра супрацу, і мы, і нават палітыкі, заўсёды кажам на тэарэтычным роўні. А вось тут бізнес, культура, спорт — гэта вельмі практычныя крокі да таго,што можна рабіць разам.   

Па словах пасла Беларусі ў Літве Аляксандра Караля, штогод з нашай краіны ў Літву адпраўляецца  тавараў на суму звыш аднаго мільярда даляраў. На сённяшні дзень ў Беларусі працуе каля 500 прадпрыемстваў з літоўскім капіталам і каля 250 прадпрыемстваў у Літве з беларускім. У сваю чаргу, Беларусь уваходзіць у лік 10 буйнейшых гандлёвых партнёраў Літвы.

Уласна на Лідчыне працуе 7 прадпрыемстваў з літоўскім капіталам.

Афіцыйныя беларускія выданні з лёгкім аптымізмам пішуць пра дамоўленасці на супольныя праекты.

[Not a valid template]

Наколькі літоўскі бізнес прысутны ў Беларусі? З такім пытаннем мы звярнуліся да эканаміста, кіраўніка цэнтра даследаванняў “Стратэгія” Леаніда Заікі.

Леанід Заіка: Будаваць нейкія планы па вялікіх інвестыцыйных праектах не мае сэнсу.

Ёсць некалькі сфер, дзе літоўцы нядрэнна працуюць. Гэта аўтамабілі, аўтарамонт, будаўніцтва. Яны нават займаюцца такім бізнесам, як абслугоўванне дамоў. Яны маюць замовы аж да Казахстана. Таму тут, з пункта погляду канкрэтнай спецыфікі, нейкіх абсалютных паветраных замкаў будаваць не варта.

Гэта можа быць вельмі малы бізнес, які ў большасці сваёй будзе звязаны з трансакцыямі, гандлем. Сфера будаўніцтва ў нас знаходзіцца зараз у стане дэградацыі. Даходы людзей падаюць, будаўніцтва жылля выходзіць на свой крытычны мінімальны аб’ём. Таму я б сказаў так: калі людзі знойдуць сферу для ўкладанняў – гэта добра, а калі не – тады мы будзем назіраць, што ўрад спрабуе нешта зрабіць, людзі прыкладаюць нейкія намаганні, але нічога не атрымліваецца.

Беларусь літоўцы ведаюць. Яны працуюць тут ужо не першы год.  Таму, я думаю, нейкіх вялікіх праектаў не будзе.

РР: Напрыклад, паводле інфармацыі, якая з’явілася на сайце БелТА, распавядаюць пра паспяховыя праекты перапрацоўкі адкідаў жывёльнага паходжання “Biovast” на Лідчыне, а таксама збіраюцца яшчэ вырабляць мяса індыка на тэрыторыі Беларусі. Як такія дробныя, паводле Вас, праекты ўплываюць на агульны эканамічны клімат у Беларусі? І колькі ж трэба такіх розных невялікіх прадпрыемстваў, каб эканоміка адчула прыток гэтых фінансаў і інвестыцый?

Леанід Заіка: Інвестыцыі ў малы бізнес таксама невялікія. І ўзгаданыя Вамі праекты таксама нельга назваць буйнымі – яны маюць лакальнае значэнне. Пры гэтым трэба звяртаць увагу на тое, што бізнесоўцы, як гэта часта і правільна робіцца, рэкламуюць свае праекты, каб атрымаць грамадскую падтрымку і доступ да фінансавых рэсурсаў. Бо вельмі многія спадзяюцца на такое: заявіць пра гэта, разрэкламаваць, пасля прыйсці ў Беларусь і ўзяць грошы ў адным з беларускіх банкаў, бо навошта ім са сваіх банкаў везці.

І я не лічу, што мяса індыка будзе каласальным прарывам. Я нават схільны думаць, што калі б беларусы больш-менш правільна вялі свае справы з Аўстраліяй, то мяса кенгуру было б таннейшае за мяса індыка, ды і па сваіх экалагічных уласцівасцях яно лепшае.

А што тычыцца выпрацоўкі біягазу і паліва, то тут я хачу сказаць, што Беларусь перанасычана электраэнергіяй. Сёння нават будаўніцтва АЭС не мае сэнсу.

РР: Вы маеце рацыю. Сёння на канферэнцыі пасля паведамлення пра мяса індыка нават прагучалі словы: “Калі знойдзем паразуменне ў банкаў, будзем далей развіваць свае праекты ў Беларусі”. 

Увогуле, чаму літоўскі бізнес даволі лёгка функцыянуе ў Беларусі? Ці ён ведае нейкія іншыя правілы, якіх не ведае бізнес у Нямеччыне ці Польшчы?

Леанід Заіка: Не. Па-першае, я не магу падтрымаць сцвярджэнне, што літоўскаму бізнесу тут добра жывецца. Насамрэч, ёсць шмат правальных праектаў.  Часта даводзілася адступаць. І як у нас, так і ў Літве ёсць некалькі даволі спрытных і здольных людзей, якія ўмеюць рабіць грошы з нічога. І калі мы будзем арыентавацца на іх, то ў выніку мы нічога не атрымаем. Я думаю, што гэта, хутчэй за ўсё, постсавецкі сіндром: тут бліжэй, тут прасцей. Немцам гэта незразумела, а канадцам – дык увогуле… Трэба адзначыць, што ёсць таксама літоўцы беларускага і расейскага паходжання. А яны ўжо могуць рабіць бізнес, дзе хочаш.

У бліжэйшы панядзелак цэнтр “Стратэгія” мае намер арганізаваць беларуска-літоўскую канферэнцыю, прысвечаную праблемам малога бізнесу, дзе будуць расказваць пра развіццё малога бізнесу ў Літве і Беларусі. Чакаецца, што з літоўскага боку ў ёй возьмуць удзел важныя эксперты, сярод якіх былы прэм’ер-міністр Літвы Андрус Кубілюс.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Андруся Панямонава