Ці ўступіць Беларусь у СГА?



Эканаміст Леў Марголін распавядае пра тое, чаму Беларусь да гэтага часу не ўступіла ў Сусветную гандлёвую арганізацыю (СГА), і якія ёсць перспектывы з гэтай нагоды.

Пасля нядаўняга ўступлення ў СГА Казахстана Беларусь засталася адзінай краінай Еўразійскага эканамічнага саюза, якая пакуль застаецца па-за межамі гэтай арганізацыі.

Нагадаем, Казахстан уступіў у СГА ў 2015-м годзе, Расея — у 2012-м, Арменія — у 2003-м, Кыргызстан — у 1998-м.

Леў Марголін: Думаю, калі б у Беларусі было вялікае жаданне ўступіць у Сусветную гандлёвую арганізацыю, дык яна б была ўжо там. Гэта можна было зрабіць за даволі непрацяглы час. Але, відаць, вялікага жадання ў беларускіх уладаў няма, бо ўступленне ў СГА накладае пэўныя абмежаванні і абавязкі на краіну. Для беларускіх уладаў, на мой погляд, працэс няспынных перамоваў з нагоды ўступлення ў СГА, якія доўжацца ўжо каля 20 гадоў, – гэта найбольш падыходзячая сітуацыя

РР: Але ж жыццё, напэўна, будзе падштурхоўваць да такога кроку?

— Яно будзе падштурхоўваць і прымушаць толькі ў тым выпадку, калі ў Беларусі пачнуцца сапраўдныя рынкавыя рэформы. Пакуль іх няма, улады добра пачуваюць сябе і па-за межамі СГА.

РР: Беларусь засталася адзінай краінай Еўразійскага эканамічнага саюза, якая пакуль застаецца па-за межамі гэтай арганізацыі. Не будзе тут складанасцяў?

— Галоўны сэнс СГА – гэта тое, што ёсць орган, які можа вырашыць любыя спрэчныя пытанні паміж краінамі-сябрамі гэтай арганізацыі. Але ж у нас з той жа Расеяй ці Казахстанам ёсць іншыя метады інтэграцыі. І ў межах Еўразійскай эканамічнай прасторы можна нашмат лепш і хутчэй вырашаць нейкія спрэчныя пытанні, чым у Сусветнай гандлёвай арганізацыі. А беларускі экспарт у краіны па-за межамі СНД абмяжоўваецца галоўным чынам карыснымі выкапнямі, калійнымі ўгнаеннямі ды прадуктамі нафтаперапрацоўкі. А гэта таксама добра рэгулюецца па-за межамі СГА.

РР: Якія б прэферэнцыі магла атрымаць краіна ад уступлення ў СГА?

— Яна б пазбавілася любых абмежаванняў, якія могуць адвольна ўводзіць адны краіны супраць іншых. Але, паўтаруся, экспарт то жа лёгкай прамысловасці ў заходнія краіны настолькі нязначны ў маштабе ўсяго беларускага экспарту, што тыя абмежаванні, якія ёсць, вялікай ролі не гуляюць.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя