Сяргей Чалы: Рост заробкаў бюджэтнікаў – подых надыходных выбараў



Улады рыхтуюцца да чарговых выбарчых кампаній, а таму падвышаюць заробкі бюджэтнікам. Такое меркаванне ў інтэрв’ю для нашага радыё выказаў беларускі эканаміст Сяргей Чалы.

Прыгадаем, што з 1 верасня павялічыліся тарыфныя стаўкі педагогам і работнікам сістэмы аховы здароўя, а таксама тарыфная стаўка першага разраду ўсім бюджэтнікам. Аклады педагагічных работнікаў, у прыватнасці, выраслі на 20 працэнтаў. У кастрычніку адбылося чарговае падвышэнне.

Як кажа эканаміст, грошы на гэта знойдуцца, дастаткова пераразмеркаваць бюджэт:

– На будучы год плануецца скарачэнне дзяржаўных уліванняў у эканоміку, у большасці выпадкаў ільвіная доля якіх – гэта падтрымка сельскай гаспадаркі і датацыі неэфектыўным прадпрыемствам. Адпаведна, доля расходаў на сацыялку вырасце, і відаць за кошт гэтага плануецца “раздача сланоў”. Вы ж разумееце, навошта гэта робіцца. 2019 год – гэта перадвыбарчы год. А настаўнікі ў нас акрамя ўсяго іншага, як Лукашэнка не саромеючыся казаў, яшчэ і важную палітычную функцыю выконваюць.

Як раней заявіў міністр адукацыі Беларусі Ігар Карпенка, на 2019-2020 гады запланаванае далейшае паэтапнае падвышэнне заробкаў педагагічным работнікам. Адзначым, што на 2020 год у Беларусі прыпадаюць дзве выбарчыя кампаніі: парламенцкая і прэзідэнцкая, хоць не выключана, што адну з іх перанясуць ужо на наступны, 2019 год. 

Нацыянальны банк разлічвае ўтрымаць сёлета інфляцыю ў межах 5,5 6 працэнтаў. Пра гэта днямі заявіў намеснік старшыні праўлення Нацбанка Дзмітрый Лапко. “У гэтым годзе сапраўды такі вынік па інфляцыі і атрымаем”, – каментуе агучаныя лічбы незалежны беларускі эканаміст Сяргей Чалы:

Бо львіную долю ўкладу зараз у інфляцыю даюць менавіта рэгуляваныя дзяржавай цэны. І тэмпы іх росту ў многім вызначаюць, што з гэтай інфляцыяй атрымліваецца. І паколькі ў нас Нацбанк зараз адказвае за паказчык інфляцыі, мяркуючы па тым, што яны ўжо знайшлі супрацу з Міністэрствам антыманапольнага рэгулявання і гандлю як раз па пытаннях рэгулявання тарыфаў так званых натуральных манаполій, я думаю, што як раз у паказчык гэтых рэгуляваных цэн мы і ўпішамся.

Базавая інфляцыя ў жніўні павялічылася да 3,3%, галоўным чынам пад уплывам кан’юнктурных фактараў, такіх як рост цэн на мяса птушкі і свініну. Да канца года прагназуецца некаторае яе паскарэнне, звязанае як з захаваннем названых фактараў, так і з ростам цэн на імпартаваныя тавары і паслугі пад уплывам пагаршэння знешнеэканамічных умоў. Па выніках 2018 года інфляцыя чакаецца каля 5,5%, у наступныя гады — у межах мэтавага арыенціру 5%.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота TUT.BY