Ці варта чакаць замежных інвестыцый у Беларусь?
Экс-кіраўнік Нацбанка Беларусі Станіслаў Багданкевіч выказаўся наконт таго, як паслявыбарчая сітуацыя ў краіне паўплывае на замежныя інвестыцыі ў беларускую эканоміку.
Станіслаў Багданкевіч: Сітуацыя, безумоўна, паўплывае на інвестыцыі, бо зараз у інвестараў няма даверу да тых, хто сёння пры ўладзе ў Беларусі. Іншая справа, што зараз бачна, што Расея спрабуе гэтаму рэжыму захаваць сябе. Адзін за другім у Менск прыязджаюць расейскія губернатары, яны прапаноўваюць нейкія свае інвестыцыі, гандлёвыя стасункі.
Такім чынам эканамічная сітуацыя ў Беларусі будзе крыху нівеліравана з дапамогай Расеі, хаця ў цэлым будзе няпростай. Інвестыцыі ідуць у краіны, дзе ёсць давер да ўлады, але зараз з гэтым ёсць вялікія праблемы. І яны ў бліжэйшы час нікуды не знікнуць. Пра грошы ад Міжнароднага валютнага фонда і еўрапейскіх банкаў давядзецца забыць у сувязі з той сітуацыяй, што рэжым стварыў у краіне. Тым больш, што многія еўрапейскія лідары не прызналі легітымнасць Аляксандра Лукашэнкі.
РР: У рэжыма ўся надзея на Расею?
Станіслаў Багданкевіч: Больш няма да каго звяртацца. Хаця, напэўна, працягне дапамагаць крэдытамі і Кітай, але гэта будуць абавязкова звязаныя крэдыты. Кітаю важна мець плацдарм для наступлення сваіх тавараў у Еўропу. Ды і Расеія, як бачым, прамых грошай не дае.
РР: Але Масква нешта запатрабуе ўзамен?
Станіслаў Багданкевіч: Запатрабуе тое, што і раней хацела. Я не выключаю, што Беларусь ужо дэ-факта становіцца адной з абласцей Расеі, і мы ўжо бачым, што Лукашэнка амаль штодзень сустракаецца з губернатарамі Расейскай Федэрацыі.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя