Ці варта пазбаўляцца ад еўра?
Экс-кіраўнік Нацыянальнага банка Беларусі Станіслаў Багданкевіч распавядае пра перспектывы еўрапейскай валюты.
Курс еўра можа знізіцца да 0,8255, заявіў адказны за інвестыцыйныя рашэнні Deutsche Bank эканаміст Ульрых Штэфан у нядзелю, 29 лістапада, агенцтву Reuters. Эксперты аднаго з найбуйнейшых інвестыцыйных банкаў Goldman Sachs прагназуюць, што еўра будзе каштаваць танней даляра ўжо да студзеня 2016 года.
Удзельнікі рынку настроены на тое, што на наступным пасяджэнні кіраўніцтва Федэральнай рэзервовай сістэмы ЗША (ФРС) 15-16 снежня будзе абвешчана пра даўно чаканы пачатак цыклу падвышэння працэнтных ставак у Амерыцы, што спрыяе зніжэнню курсу еўра, паведамляе dw.com.
Станіслаў Багданкевіч: Не думаю, што еўра можа стаць таннейшым за даляр ужо ў студзені 2016 года. Мяркую, што еўра ўсё ж такі будзе крыху вышэйшым за амерыканскую валюту. Эканоміка ў той жа Германіі і іншых еўрапейскіх краінах развіваецца даволі стабільна, таму не бачу падстаў для абвалу еўра. Адзінае пытанне для Захаду – міграцыя ў Еўропу, гэта дадае пэўныя праблемы. Але максімум, чаго я чакаю, што даляр і еўра будуць у суадносінах адзін да аднаго. І гэта прагназуецца на канец наступнага года.
РР: Але амерыканская валюта і на самой справе ўмацоўваецца ў свеце…
Станіслаў Багданкевіч: Яна ўмацоўваецца ўжо даўно, таму што фундаментальна вытворчасць і УВП у ЗША вышэйшыя, а беспрацоўе ніжэйшае амаль у два разы, чым у Еўропе. Шмат фактараў, якія гавораць пра больш стабільную амерыканскую эканоміку. Але ў той жа час няма і глабальнай нагоды для рэзкага падзення еўра.
РР: На ваш погляд, ці варта зараз беларусам пераводзіць свае еўразберажэнні ў амерыканскую валюту?
Станіслаў Багданкевіч: Магчыма, дэпазіты лепш адкрываць у далярах, але не думаю, што чалавек атрымае шмат прыбытку, калі будзе пераводзіць еўра ў амерыканскую валюту. Па-першае, як ужо казаў, абвалу еўра не чакаецца, а будуць нейкія ваганні курсаў. Па-другое, на пераводзе грошай з адной валюту і іншую згубіце. І трэцяе – беларусы шмат ездзяць у Еўропу, таму нават у зніжэнні кошту еўра можна знайсці свае плюсы.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота deita.ru