Ці варта спяшацца з запускам АЭС?
Адзін з лідараў незалежных прафсаюзаў Аляксандр Бухвостаў выказаў сваё стаўленне да запуска Беларускай атамнай электрастанцыі.
Ужо ў гэтым годзе запланаваны запуск першага энергаблока атамнай электрастанцыі ў Астраўцы. Калі ўлічваць эпідэміялагічную сітуацыю ў краіне, то ўзнікае пытанне: ці не мэтазгодна перанесці запуск станцыі на больш позні тэрмін?
Аляксандр Бухвостаў: Шчыра кажучы, асабіста не выступаю катэгарычна супраць атамнай электрастанцыі, бо лічу, што пры захаванні ўсіх неабходных мераў, гэта даволі бяспечны від энергіі. А вось з запускам АЭС, на мой погляд, і насамрэч можна было б не спяшацца.
РР: З-за эпідэміялагічнай сітуацыі ў краіне?
Аляксандр Бухвостаў: Так, бо праект мае стратэгічны характар, і трэба сто разоў усё ўзважыць перш чым яго запусціць. Зараз каронавірус і ў Беларусі, і ў Расеі, станцыю будуюць расейцы, то навошта дадатковыя рызыкі і непрадказальныя сітуацыі?
Тут жа не крэсла майструюць, якое можа разваліцца, калі яго няправільна сабраць, а атамны аб’ект. Памылак наогул не павінна быць. Таму запуск АЭС можна было перанесці на той тэрмін, калі стабілізуецца сітуацыя з пандэміяй.
РР: Чаму тады ўлады так спяшаюцца?
Аляксандр Бухвостаў: Мы ж па ўсіх накірунках наперадзе ўсяго свету. Парад праводзяць, на суботнікі і стадыёны людзей збіраюць, як быццам нічога і не здарылася. Запуск атамнай станцыі – з той жа оперы. Маўляў, у нас усё ідзе па плане.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя