Ці вераць у рэгіёнах у 500-даляравы заробак?



Кобрыньскі актывіст Алесь Мех распавядае, як у рэгіёнах успрымаюць абяцанні ўладаў зрабіць у хуткім часе сярэдні заробак у краіне ў межах 500 даляраў.

Падчас “вялікай” сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з журналістамі і прадстаўнікамі грамадскасці кіраўнік краіны чарговы раз заявіў, што не адступіцца ад свайго жадання зрабіць у 2017 годзе сярэдні заробак у краіне на ўзроўні 500 даляраў. А што думаюць з гэтай нагоды ў рэгіёнах?

Алесь Мех: Я хачу сказаць, што нашыя людзі – вельмі адэкватныя. Яны аналізуюць сітуацыю, якую сёння бачаць на свае вочы, і самі робяць з гэтага высновы. Таму ў раёне многія слухаюць казкі пра 500 даляраў і проста смяюцца. Усе ж бачаць, у якім стане знаходзіцца сельская гаспадарка, прадпрыемствы. Чалавек у рэгіёне атрымлівае каля 300 рублёў (і добра, калі яшчэ столькі атрымлівае), а яму ў гэтым годзе заробак збіраюцца падняць у тры разы? З якіх фондаў? Хто аплоціць “банкет”? Цырк! Больш за тое, у раёнах людзі наогул не могуць знайсці працы, тут жа масавае беспрацоўе. І гэта тычыцца не толькі Кобрыньскага раёна, а і іншых рэгіёнаў краіны. Я ўжо не кажу, што творыцца ў вёсках.

РР: Адным словам, 500 даляраў – проста папулізм?

Алесь Мех: Я ж не ведаю, якім чынам яны будуць выводзіць на паперы сярэдні заробак у 500 даляраў. Можа быць, тыя, хто атрымліваў па 2-3 тысячы даляраў, зараз будуць мець па 5-6 тысяч “зялёных”. Вось і сярэдняя лічба падвысіцца. Але няхай тыя, хто будзе складаць такую статыстыку, прыедуць напрыканцы года ў любы раён і папытаюцца ў людзей, якія ў іх рэальныя заробкі. І няхай паслухаюць, што ім адкажуць з нагоды дасягнення новых “вышынь”.

РР: Ці шмат у вашым раёне тых, хто трапляе пад дэкрэт аб “дармаедах”?

Алесь Мех: Калі я балатаваўся ў мінулым годзе ў Палату прадстаўнікоў, вылучаўся шляхам збору подпісаў. Таму меў магчымасць атрымаць неафіцыйныя лічбы па колькасці беспрацоўных у Кобрыньскім раёне. Іх было каля 10 тысяч чалавек. Магчыма, з улікам таго, што многія прынеслі даведкі, гэтая лічба знізілася да 6-7 тысяч.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя