Ці верыць лічбам Сямашкі?
Эканаміст Леанід Заіка патлумачыў, як камунальшчыкі і чыноўнікі “працуюць” над лічбамі па тарыфах ЖКГ.
Як вядома, днямі віцэ-прэм’ер Беларусі Уладзімір Сямашка заявіў, што шэраговы беларускі спажывец за ацяпленне плаціць 16,8 адсоткаў ад сабекошту.
Леанід Заіка: Я думаю, што перад тым, як віцэ-прэм’ер агучыў гэтыя лічбы, зранку ён узяў у рукі цеплавізар, сеў у вератлёт і праляцеў над Менскам. Цеплавізарам можна сканіраваць горад і ўбачыць, якія ў нас страты цяпла ідуць у трубах. 49 адсоткаў стратаў цяпла – менавіта ў камунікацыях, што ідуць па гораду.
РР: “Спажывец за ацяпленне плаціць 16,8 адсоткаў ад сабекошту…” Наколькі гэта лічба рэальная?
Ленаід Заіка: Па-першае, сабекошт – гэта паняцце сацыялізма. Па-другое, ніводнай лічбе камунальшчыкаў у Беларусі верыць нельга, бо лічбы яны малююць самі. А чыноўнікі іх затым паўтараюць. Для таго, каб ведаць, колькі ў нас рэальна каштуе гігакалорыя цяпла, трэба, каб на гэтае пытанне адказ далі незалежныя спецыялісты адкуль-небудзь са Швецыі ці Германіі. Абавязковае патрабаванне таксама – каб яны нічога не разумелі, што кажуць камунальшчыкі. Гэтая група магла б замерыць і пралічыць, колькі ў Беларусі каштуе цяпло, вада, кілаграм смецця. Для таго, каб назваць рэальныя лічбы, трэба запрасіць тых, хто не працуе ў сістэме ЖКГ і не жыве ў Беларусі. А да гэтага часу па-ранейшаму будуць казаць і пра 16 адсоткаў, і пра 20, і пра сорак… І гэтая песня не скончыцца ніколі.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя