Ці возьмуць улады цэны пад кантроль?
Кіраўнік праекта “Кошт ураду” Уладзімір Кавалкін распавядае пра тое, да чаго можа прывесці стрымліванне цэнаў.
У Беларусі захаваецца жорсткі кантроль за цэнаўтварэннем, заявіў днямі Аляксандр Лукашэнка падчас наведвання ААТ „Камунарка”.
Па інфармацыі Белстата, з пачатку года цэны на тавары і паслугі павялічыліся на 4.8 %.
Уладзімір Кавалкін: Пазіцыя Міністэрства гандлю зразумелая – у нас хутчэй ідзе лібералізацыя ў плане рэгулявання цэнаў. Іх адпусцілі нават на некаторыя сацыяльна значныя тавары. І гэта правільна. Калі цэны рыначныя і канкурэнтныя, то яны прыходзяць у норму. Калі вернецца тая практыка, што была ў сярэдзіне нулявых гадоў, калі цэны жорстка рэгуляваліся, гэта прывядзе да чарговых перакосаў. У любым выпадку нехта павінен плаціць – альбо спажывец, альбо вытворца тавара. Калі вытворчасць працы не павялічылася, а цэны знізілі, значыцца вытворца будзе ў стратах і пойдзе прасіць бюджэтныя грошы. І ў выніку ўсё роўна заплацяць людзі, якія стануць плаціць больш падаткаў у бюджэт. Як ні круці, але грошай у народа больш не стане, але рэгуляванне коштаў прынясе дысбаланс у эканоміку, а стратных прадпрыемстваў стане больш. Тут можна правесці аналогію з сітуацыяй, калі ў 2011 годзе стрымлівалі курс даляра праз залатавалютныя рэзервы. Пасля яны скончыліся і курс скокнуў у разы. Са стрымліваннем цэнаў можа адбыцца тая самая гісторыя.
РР: Чаму ўлады баяцца адпусціць цэны ў свабоднае плаванне?
Уладзімір Кавалкін: Яны баяцца сацыяльнага напружання, таму што рост цэнаў выклікае яркую эмацыйную рэакцыю сярод людзей. Усе мы бачылі, якая была гэтая рэакцыя на падвышэнне “камуналкі”. І ў кіраўніка краіны, і ў вышэйшых чыноўнікаў ёсць уяўленне таго, як народ будзе сябе весці ў выпадку роста цэнаў. А апошнія, безумоўна, паступова будуць расці, таму што інфляцыя ў нас даволі высокая, хоць Нацбанк у сваёй стратэгіі марыць вярнуць яе да адназначнай лічбы – ніжэй за 10 адсоткаў. Калі Нацбанку дадуць правесці яго стратэгію, то можна чакаць, што цэны з-за нізкай інфляцыі стабілізуюцца.
РР: Але ці будуць стрымліваць цэны?
Уладзімір Кавалкін: Я мяркую, што гэта проста піяр, не думаю, што такая ініцыятыва стане рэальнай палітыкай. Паўтаруся, калі яе праводзіць, то нават у сярэднетэрміновай перспектыве гэта падкосіць усю эканоміку і ўсіх вытворцаў, што пацягне за сабой новую хвалю эканамічнага крызіса. Хочацца верыць, што ўлады гэта разумеюць.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя