Ці вырашаць акцыі пратэсту праблемы ІП?



Намеснік старшыні РГА “Перспектыва” Вячаслаў Піліпук распавядае пра тое, што сёння мае большы эфект для ІП: акцыі пратэсту ці перамоўны працэс?

22 лютага а 12 гадзіне частка прадпрымальнікаў ізноў запланавала збор на Кастрычніцкай плошчы з патрабаваннем не толькі пачуць іх праблемы, але і вырашыць іх.

У той жа час працягваецца і перамоўны працэс ІП-эшнікаў з чыноўнікамі. Як распавяла ўчора ў эфіры СТБ намеснік міністра гандлю Ірына Наркевіч, дзяржава робіць крок насустрач індывідуальным прадпрымальнікам. Улады не будуць адмяняць 222-ы ўказ і працэдуру сертыфікацыі, але гатовыя пайсці на спрашчэнне бізнес-працэсаў для індывідуальных прадпрымальнікаў.

Вячаслаў Піліпук: Наколькі мне вядома, сёння ІП збіраюцца падаць петыцыю ў Адміністрацыю прэзідэнта на імя кіраўніка краіны. І, калі дастатковая колькасць людзей пакажа маштаб праблемы, то, магчыма, гэта і паўплывае неяк на наступныя крокі ўлады. І, суадносна, будзе нейкі вынік.

РР: Прадпрымальнікі з рэгіёнаў, якія тыдзень таму прыязджалі на Кастрычніцкую плошчу, былі пакрыўджаны на сваіх менскіх калег, што тыя іх не падтрымалі.

Вячаслаў Піліпук: Менск у гэтым плане заўсёды быў больш пасіўным горадам, таму што сталічныя ІП-эшнікі моцна адрозніваюцца ад “рэгіяналаў”. У Менску большыя абароты, больш спажыўцоў. І за кошт гэтага многім удалося назбіраць нейкі капітал, падушку бяспекі, на якой яны пакуль яшчэ могуць сядзець, а не хадзіць на плошчу.

РР: На ваш погляд, што сёння дае большы эфект: пратэсты ці перамоўны працэс?

Вячаслаў Піліпук: Зараз і тое, і тое праходзіць амаль паралельна. Падчас перамоў рыторыка ў чыноўнікаў не самая дрэнная, але тыя пратэсныя дзеянні, які адбываюцца, узмацняюць ціск на перамовы. Чыноўнікі разумеюць, што пратэсты скончацца тады, калі будзе прынята нармальнае рашэнне. Таму такі мікст таксама мае права на жыццё.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя