Ці ёсць эфект ад санкцый?



Палітолаг Валер Карбалевіч разважае пра эфектыўнасць заходніх санкцый у дачыненні да беларускага рэжыму.

Валер Карбалевіч: Любыя санкцыі – гэта доўгатэрміновы трэнд. Яны працуюць не ў момант. Таму чакаць хуткай рэакцыі ўладаў той краіны, адносна якой прыняты санкцыі, не даводзіцца. Пры гэтым менавіта той рэакцыі, якую хочуць бачыць тыя краіны, што ўводзяць санкцыі.

Але, мяркую, ад гэтых санкцый эканоміка мала пацерпіць, бо там больш кропкавыя візавыя санкцыі ў дачыненні да пэўных чыноўнікаў.

Так, пэўных беларускіх бізнесменаў гэты санкцыі закранулі, і гэта для іх вельмі непрыемна. Але, як мне падаецца, галоўныя санкцыі супраць беларускай эканомікі ўводзіць сама ўлада.

РР: Якім чынам?

Валер Карбалевіч: На Усебеларускім народным сходзе, можна сказаць, быў аб’яўлены паход супраць беларускага бізнесу, рыхтуюцца новыя захады па тым, каб заціснуць індывідуальных прадпрымальнікаў. Аказваецца, стаяла пытанне пра ліквідацыю Парка высокіх тэхналогій, але ў выніку абмежаваліся тым, што падвысілі падаткі. Не выключана, што ёсць пэўныя абмежаванні і для індустрыяльнага парка “Вялікі камень”.

Відаць, рэжым прыйшоў да высновы, што беларускі бізнес праявіў нелаяльнасць да яго. Што асноўная частка масавых пратэстаў – гэта людзі, якія працуюць у недзяржаўным сектары. Таму зараз і пачынаецца пэўны ціск на прыватны сектар. І гэтыя санкцыі не ідуць ні ў якое параўнанне з тымі, што прыняў Захад. Заходнія санкцыі – гэта мізэр, як камар укусіў.

Але праблема ў тым, што сёння эканоміка мала каго цікавіць. Рэжым цікавіць утрыманне ўлады, і дзеля выканання гэтай задачы ён гатовы пайсці на любыя страты.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя