Ці ёсць падставы для росту заробкаў?
Экс-кіраўнік Нацбанка Беларусі Станіслаў Багданкевіч патлумачыў, чаму ў Беларусі вырас сярэдні заробак.
Згодна са звесткамі Белстата, у Беларусі другі месяц запар расце сярэдні заробак, у чэрвені ён склаў 953,7 рублі. У маі беларусы зараблялі 944 рублі.
Станіслаў Багданкевіч: Мяркую, што нейкае ажыўленне ў эканоміцы і насамрэч ёсць, хаця тут, як кажуць, не варта адразу пляскаць у далоні. Усё-такі пераважна заробкі ў краіне нізкія, нават калі параўноўваць з тымі ж прыбалтамі альбо палякамі. Але я разумею жаданне ўладаў падвышаць заробкі.
РР: Зараз не адбываецца штучнага падвышэння заробкаў?
Станіслаў Багданкевіч: Адміністрацыйны рэсурс у гэтым накірунку працуе па бюджэтнай лініі, а ў эканоміцы трэба чакаць натуральны рост заробкаў. Людзі ж не зацікаўлены працаваць за малыя грошы. Уласнікі вымушаны лічыцца з гэтым, каб захаваць кадры.
РР: Але ў рэгіёнах заробкі па-ранейшаму нізкія…
Станіслаў Багданкевіч: Трэба разумець, што сярэдні заробак – гэта абсалютна не паказчык рэальнага ўзроўню дабрабыту людзей. Калі сталіца можа пахваліцца прыстойнымі заробкамі, то ў рэгіёнах справа значна горшая. Таму, калі Белстат вылічвае, сярэднюю тэмпературу па бальніцы, гэта абсалютна не азначае, што наша эканоміка здаровая.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя