Ці ёсць у Беларусі праблема з цукрам?
Ад сярэдзіны верасня спарадычна з’яўляецца інфармацыя пра нястачу цукру ў крамах. Пытанне актыўна асвятлялі незалежныя СМІ, і ўрэшце ім заняўся Аляксандр Лукашэнка.
“Цукру будзе дастаткова, ён у нас з лішкам”, – запэўніваў журналістаў шостага кастрычніка намеснік прэм’ер-міністра Аляксандр Субоцін. Цукар мы нават прадаём і ў Кітай, ў іншыя краіны, а пустыя паліцы з цукрам у некаторых крамах чыноўнік патлумачыў ажыятажам. Маўляў, “нехта – недзе” паказаў пустую паліцу і пачалася “масавая істэрыка”. Субоцін таксама патлумачыў, што ў суткі беларусы набываюць у сярэднім 1 тысячу тон цукру, а з прычыны ажыятажу давялося адгружаць па 1 тысячы 800 тон. “Цукру шмат, цукар будзе”, – паўтараў чыноўнік.
Гадавая патрэба ўнутранага рынку – гэта 360 тысяч тон цукру, усе чатыры беларускія цукровыя заводы запэўніваюць, што ўсё нармальна. Дый з новага ўраджаю буракоў ужо паспелі атрымаць 66 тысяч тон, а гэта толькі пачатак перапрацоўкі.
Але тут паўстае пытанне, скуль з’явіліся пустыя паліцы з цукрам у некаторых крамах, бо сапраўды ў сярэдзіне і ў другой палове верасня ў некаторых крамах, асабліва на Віцебшчыне, але таксама ў Менску, Слуцку, Барысаве, паўсталі праблемы з цукрам. У аўталаўках некаторых раёнаў абмежавалі продаж цукру па дзве пачкі на рукі. Адпаведныя фота ды інфармацыі абляцелі сацыяльныя сеткі і незалежныя СМІ. Чыноўнікі, праўда, запэўнівалі, што ўсё ў парадку, і нідзе няма пустых паліц з цукрам, што гэта нейкія фэйкі. Але 5 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка абвергнуў сваіх жа чыноўнікаў. Падчас нарады пра хаду сельскагаспадарчых работ ён фактычна прызнаў, што перабоі з пастаўкамі цукру ёсць. Выявілася і прычына сітуацыі – нейкія лагістычныя памылкі. Як напісалі дзяржаўныя медыя, Лукашэна быў скрайне здзіўлены: “Гэта што, у Вялікабрытаніі? Дзе кіроўцаў не хапае, каб паліва прывезці на запраўку. Так я не Джонсан, я ж ведаю, адкуль ногі растуць”. Таксама Лукашэнка прыстрашыў урадаўцаў, маўляў, глядзіце мужыкі ў мяне там.
Такім чынам, па-першае, дэфіцыту цукру ў краіне сапраўды няма, але гаворка ідзе пра яго нястачу ў асобных крамах. Па-другое, цукровыя заводы сёлета пазней пачалі перапрацоўку буракоў. Спецыялісты гэта тлумачаць тым, што спякота кепска паўплывала на цукрыстасць буракоў, таму прыбіралі іх пазней, каб буракі гэтай цукрыстасці набралі. А па-трэцяе, Беларусь скараціла экспарт цукру: летась за студзень-ліпень экспартавалі 323 тысячы тон, сёлета – толькі 87,5 тысяч.
Так што з цукрам усё больш-менш зразумела. Ураджай атрымалі нядрэнны, цукар здаецца павінен быць. Тут, праўда, нейкія праблемы з бульбай пачаліся, якая стала дарагой і якую шмат экспартавалі ў верасні з Украіны, але гэта ўжо, як кажуць, зусім іншая гісторыя.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: тут.бай