Ці ёсць у беларускіх нетрах радовішчы нафты і газу?



Навуковец-геолаг Канстанцін Лукашоў каментуе мары беларускай улады знайсці вялікія радовішчы нафты і газу.

Нефть

Прымаючы з дакладам новага міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэя Каўхуту, прызначанага на гэтую пасаду 25 чэрвеня, Аляксандр Лукашэнка сказаў пра сур`ёзныя недапрацоўкі ў галіне разведкі карысных выкапняў і запатрабаваў больш актыўнай працы ў гэтым кірунку.

“Я проста не веру, што ў нас няма вялікіх аб`ёмаў нафты і што ў нашых нетрах адсутнічае прыродны газ, – заявіў Лукашэнка. – На падобных тэрыторыях у Расіі і іншых краінах здабываецца нямала нафты і прыроднага газу, а таксама каштоўных металаў — тое, што стварае аснову дабрабыту і ўстойлівасці любой эканомікі любой дзяржавы”.

Ужо праз некалькі дзён пасля гэтай заявы ўставіў сваё слова на тэлебачанні і міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Каўхута: «Тэрыторыя Беларусі дастаткова някепска вывучана. Практычна ўсе радовішчы, якія знаходзяцца на паверхні, ужо адкрыты. Аднак у нас у нетрах ёсць нявывучаныя ўчасткі, і іх досыць шмат. Таму казаць, што мы ведаем усё аб нетрах рэспублікі, не даводзіцца. Мы ўпэўненыя, што ў краіне будзе выяўлена яшчэ шмат радовішчаў».

Канстанцін Лукашоў: З таго ўзроўню геалагічных даследванняў тэрыторыі Беларусі, якое ёсць, не выпадае разлічваць на вялікія радовішчы нафты і газу. Беларусь штогод набывае ў Расеі 23 млн. тон нафты, але раней беларускай гаспадарцы патрэбна было каля 15-17 млн. тон. Вось на такія аб’ёмы мы разлічваць не можам. Іншая справа, што нельга сказаць і тое, што краіна – добра даследавана геалагічна, бо ёсць у нас пэўныя недапрацоўкі. Мы базіруемся яшчэ на тых даследваннях, якія ў 70-80 гады зроблены. Пасля не выдаткоўваліся грошы для глыбіннага свідравання. Іншыя былі прыярытэты, бо была вялікая краіна і была Сібір. Але як яно зараз будзе? Тэма нафты і газу ў Беларусі пакуль знаходзіцца на ўзроўні “веру-не веру”, а значыцца гэтая размова – ні аб чым.

РР: Якія сёння магчымасці ў беларускіх геолагаў? Ці будзе нейкі станоўчы вынік той нарады?

Канстанцін Лукашоў: Таксама невядома, бо за 20 гадоў чулі шмат розных “ідэй”, але выніку не бачна. У нас праблема з рэсурсамі ў навуковай школе – не было моладзі, якая б за час Лукашэнкі прыйшла ў геалагічную навуку і стала б прафесійнай. Наадварот – многія звольніліся. Напрыклад, з майго курсу ніхто не застаўся ў навуцы. Я быў апошні, але і мяне прымусова звольнілі. Так што казаць можна прыгожыя словы, але патрэбны грошы і спецыялісты. А тое, што мы яшчэ здольныя нешта цікавае знайсці ў нашых нетрах, – гэта безумоўна.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя