Ці задаволены беспрацоўныя дзяржаўнай дапамогай?



Актывіст прафсаюза РЭП Ігар Комлік пракаментаваў заяву Мінпрацы, што ведамства мае намер павялічыць дапамогу па беспрацоўі для некаторых катэгорый грамадзян.

Як паведаміла міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч, зараз рыхтуецца праект закона аб унясенні змяненняў у Закон аб занятасці. Ведамства выходзіць з ініцыятывай павялічыць дапамогу, у прыватнасці, беспрацоўным, якія жывуць у месцах, дзе складана знайсці працу, і людзям, якія старэйшыя за 50 гадоў.

Ігар Комлік: Пытанне беспрацоўя для Беларусі – гэта праблема. Асабліва, калі ўлічваць, што сотні тысяч беларусаў з’язджаюць на працу за мяжу, бо не лічаць беларускія заробкі нармальнымі.

Але памер па беспрацоўі ў Беларусі проста смешны, калі параўнаць яго з цывілізаванымі краінамі, дзе беспрацоўны на дапамогу можа нармальна існаваць. Беларуская дапамога нават не забяспечыць чалавека штодзень хлебам і малаком. На гэтыя грошы можна хіба што памерці не зусім галоднай смерцю.

Таму многія з тых, хто не можа знайсці працу (альбо не хоча, бо заробкі мізерныя), наогул не хочуць станавіцца на ўлік беспрацоўных, а значыцца тая карціна па беспрацоўі, якую прадстаўляе ўлады, няпоўная і няправільная.

РР: Мінпрацы збіраецца павялічыць дапамогу па беспрацоўі для некаторых катэгорый грамадзян…

Ігар Комлік: Магчыма, і дадуць рублёў 5-10, але няўжо нехта думае, што гэта тая сума, якая выратуе сітуацыю? Самі чыноўнікі ведаюць, што можна купіць на гэтыя грошы, таму я не ведаю, на каго разлічаны такі папулізм.

Калі вы хочаце зрабіць нармальнай дапамогу па беспрацоўі, то яна павінна складаць хаця б бюджэт пражытковага мінімума альбо прывязана да сярэдняга заробку з апошняга месца працы. Але на гэта ўлады наўрад ці пойдуць. У нас на хакейныя турніры грошай не шкадуюць, а на людзях любяць эканоміць.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота spring96.org