Ці замацуе пазіцыі еўра?



Экс-старшыня Нацбанка Станіслаў Багданкевіч распавядае пра ўмацаванне еўрапейскай валюты.

На мінулых таргах Беларускай валютнай біржы еўра вырас да максімума за апошнія 11 месяцаў, але сёння крыху патаннеў – на 0,0072 рублі да 2,2071 BYN/EUR. А вось курс даляра 4 ліпеня вырас на 0,0029 рублі да 1,9442 BYN/USD. Гэта максімум за апошнія 5,5 месяцаў.

Станіслаў Багданкевіч: Былі меркаванні, што да канца года даляр наогул можа зраўняцца з еўра, але, як бачым, гэтыя прагнозы пакуль не апраўдваюцца. На мінулым тыдні еўра зрабіў вялікі скачок наперад, і для гэтага ёсць некалькі нагод.

РР: Што адбываецца з еўрапейскай валютай?

Станіслаў Багданкевіч: Па-першае, трэба адзначыць, што ёсць пэўная стабілізацыя ў Грэцыі, Італіі, Іспаніі, таму еўрапейская эканоміка пакрысе выходзіць з крызіса. Што датычыцца ЗША, то нявызначаная палітыка Трампа дадае заблытанасці ў сітуацыі і пэўным чынам уплывае на змяненні на валютным рынку. Магчыма, з гэтым і звязана паслабленне даляра.

РР:Еўра і надалей будзе ўмацоўвацца?

Станіслаў Багданкевіч: Мяркую, што зараз скачкі – часовыя, і з цягам часу даляр верне свае пазіцыі. Я па-ранейшаму ўпэўнены, што ў будучым мы ўбачым збліжэнне даляра і еўра.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя