Ці запрацуе ў Беларусі іпатэка?



Эканаміст Леў Марголін распавядае, якія ўмовы павінны быць створаны ў краіне, каб пачала функцыянаваць іпатэчная сістэма.

Урад разлічвае, што іпатэка ў Беларусі запрацуе да канца 2020 года, заявіў днямі віцэ-прэм’ер Анатоль Калінін. Такія планы закладзеныя ў праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2016—2020 гады.

Леў Марголін: Іпатэка – досыць вядомы магістральны шлях развіцця жыллёвага будаўніцтва. Але ж неабходна шмат умоў, каб іпатэка запрацавала. Па-першае, сістэма іпатэкі будзе нармальна функцыянаваць, калі квадратны метр жылля будзе каштаваць не больш за сярэднемесячы заробак чалавека. Калі больш, то звычайна іпатэка не дае вынікаў. І, па-другое, павінны быць адмысловыя кошты. Калі трэба будзе плаціць па 12-15 адсоткаў гадавых па іпатэчных крэдытах, то гэта таксама людзям не будзе цікава. Таму ўлады, безумоўна, хочуць праз іпатэку вырашыць складанае пытанне, але маюць намер гэта зрабіць нейкім кавалерысцкім наскокам. Гэта спроба падмяніць модным рашэннем сістэмную працу, якая б прывяла да ажыўлення ўсёй эканомікі краіны.

РР: У Расеі іпатэка ўжо працуе. Ці падыходзіць нам гэты досвед?

Леў Марголін: Там кошты на крэдыты значна ніжэйшыя, чым у Беларусі, але і ў Расеі іпатэка не стала магістральным шляхам. Калі ў Маскве, дзе заробкі вышэйшыя, іпатэка яшчэ больш-менш папулярная, то ў правінцыйных гарадках не карыстаецца папулярнасцю. Тут усё проста – яна з’яўляецца непад’ёмнай для людзей.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя