Ці запрацуюць з восені прадпрыемствы на поўную моц?



Былы кіраўнік прадпрыемства “Амкадор” Васіль Шлындзікаў лічыць, што словы і заявы чыноўнікаў не выратуюць беларускую прамысловасць.

«Не дай бог, да канца жніўняпачатку верасня прадпрыемствы не будуць працаваць на поўную магутнасць і не на склад! Вось на склад нікому не трэба! Людзі павінны мець працу. Людзі павінны быць упэўненыя ў заўтрашнім дні. Гэта галоўнае для ўлады. Вырашым мы гэта, і тады праблемаў не будзе з выбарамі», – цытуе Лукашэнку прэзідэнцкая прэс-служба.

Ён адзначыў, што эканоміка – гэта галоўны крытэр, паводле якога будзе ацэньвацца дзейнасць кіраўніцтва краіны ў перадвыбарчы перыяд.

РР: Як вы на сённяшні момант ацэньваеце беларускую эканоміку, а, значыцца, і дзейнасць кіраўніцтва краіны?

Васіль Шлындзікаў: Мы знаходзімся ў глыбокім сістэмным крызісе. І пакуль я не бачу, як кажуць, святла ў тунэлі і гарызонтаў крызісу. Калі сусветная эканоміка дэманструе рост, то беларуская разам з расейскай наадварот рэгрэсуюць. Вось і ўся ацэнка.

РР: На плыву дапамагаюць падтрымлівацца расейскія крэдыты?

Васіль Шлындзікаў: Безумоўна, усё на гэта і завязана. Каб не гэтыя траншы, беларуская эканоміка загнулася б ужо даўным-даўно. Эканамічная мадэль, якая пабудавана (гэта, па сутнасці, сацыялізм пасля рэканструкцыі) даўно паказала сваю нежыццяздольнасць.

РР: А як жа мадэрнізацыя прадпрыемстваў, на якую ўлада ўскладала вялікія спадзяванні?

Васіль Шлындзікаў: Гэта ўсё словы – не больш за тое. Падмена паняццяў. У 80-я гады я працаваў намеснікам начальніка цэха па тэхнічнай частцы, на заводзе існавала такая норма – складаліся гадавыя прагнозы па абнаўленні (сёння чытай: мадэрнізацыі) і ўдасканаленні вытворчасці. Мы вызначалі, якія станкі трэба замяніць, што неабходна зрабіць для рацыянальнага выкарыстання абсталявання… Я павінен быў скласці гадавы план, завод закупляў кожны год абсталяванне, і так яно паступова, як кажуць зараз, мадэрнізавалася. А што сёння маем? У дрэваапрацоўцы вырашылі ўсё абсталяванне замяніць адным махам. Але ж гэта ў прынцыпе нічога не змяняе, не вырашае праблему. Вось і ўся мадэрнізацыя. Неабходна карэннае рэфармаванне, і ў слова мадэрнізацыя трэба ўкладваць не замену абсталявання на прадпрыемстве, а змену ўласніка, рэструктурызацыю. Гэта цэлая філасофія і праграма, якую павінны весці адказныя людзі з тым, каб наогул не патрапіць у глыбокую-глыбокую яму.

РР: Пастаўлена задача, каб да канца жніўняпачатку верасня прадпрыемствы запрацавалі на поўную моц і не на склад. Рэальна выканаць яе?

Васіль Шлындзікаў: Можа і рэальна было б, калі б знайшлі бутэльку з Хатабычам. Але нават у казцы Хатабыч – адзін, а ў нас мноства прадпрыемстваў, якія “ляжаць” па ўсёй кріане. Ніхто іх у бліжэйшы час не падыме, гэта адназначна. А казкі расказваць можна колькі заўгодна.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота belaruspartisan.org