Ці заробіць айчынны турбізнес на крызісе расейскага?
Многія расейскія турыстычныя арганізацыі банкрутуюць. У СМІ паведамляецца, што такі лёс напаткаў ужо 15 буйных расейскіх турфірмаў. У той жа час, як піша газета «Турызм і адпачынак», беларускія тураператары маюць спадзяванні на гэтым зарабіць. Аднак, як заўважае рэдактарка Лілія Кобзік, пакуль што гаворка не ідзе пра вялікія фінансавыя карысці, а толькі пра адзінкавыя выпадкі, калі расейскія турысты звяртаюцца да беларускіх турыстычных аператараў або агентаў:
– Пакуль пра такую масавасць, каб скарыстаўшыся сітуацыяй перацягнуць частку расейскага рынку да нас, не ідзе гаворкі. У нас няма на чым вазіць. Вялікія масы расейскіх турыстаў мы не змаглі б ніколі «ператравіць»: у нас няма такога трафіку, у нас няма столькіх бартоў, у нас няма столькі рэйсаў, каб вазіць расейскіх турыстаў туды, куды яны прызвычаіліся лятаць. А ў іх карта палётная нашмат багацейшая. У нас няма дальнемагістральных бартоў, мы не можам прапанаваць экзотыку ні сабе, ні іншым. Цяпер у Беларусі завяршаецца сезонная чартарная праграма, а пазней застаюцца асобныя пастаянныя вылеты.
Лілія Кобзік прыгадвае, што некалі беларускія аператары вельмі ўдала вазілі расейскіх турыстаў на аўтобусах, прапануючы ім камбініраваныя экскурсійныя праграмы па Еўропе. Гэта калі расейскія турысты прыязджалі ў Берасце або Менск цягнікамі, а потым іх везлі ў Еўропу аўтобусамі. Цяпер некаторыя аператары надалей гэтым карыстаюцца, таму транзітнае становішча мае і свае карысці.
Паводле рэдактаркі газеты «Турызм і адпачынак», айчынныя тураператары разлічваюць на тое, што беларускія спажыўцы больш павернуцца да айчыннага турыстычнага прадукту. У апошнія гады набірае абароты працэс, калі робіцца выбар на карысць менскага аэрапорту, а не маскоўскіх, што асабліва актуальна ў цяперашняй сітуацыі ў Расеі. Таксама ёсць спадзяванні, што гэта стане штуршком для развіцця ўласных праграмаў адпачынку і турыстычных прадуктаў.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота moituristy.ru