Ці застанецца „Нафтан” без расейскай нафты?
Эканоміка Беларусі ўсё ж можа пацярпець ад уведзеных супраць краіны санкцый. Як бы афіцыйныя ўлады краіны не рабілі выгляд, што нічога такога і не адбываецца, і не спрабавалі адбівацца ў выглядзе контрсанкцый. Бо такія захады наносяць шкоду выключна грамадзянам краіны, якія цяпер не змогуць набыць любімы крэм ад фірмы Nivea, альбо беларускім дылерам аўтамабіляў Skoda, якія цяпер не ведаюць, што ім рабіць па жыцці. Затое аднаўленне амерыканскіх санкцый супраць дзевяці дзяржаўных беларускіх прадпрыемстваў – гэта ўжо не жартачкі. На гарызонце – сур’ёзныя праблемы ў наваполацкага “Нафтана”, які працуе на расейскай сыравіне. Расейскія кампаніі могуць прыпыніць пастаўкі нафты на “Нафтан” ужо ў траўні на фоне санкцый ЗША, якія прадпісваюць спыніць усе адносіны з заводам – паведамілі агенцтву Рэйтэр чатыры крыніцы ў галіне. Буйныя пастаўшчыкі сыравіны на “Нафтан” – кампаніі “Роснефть” і “Сургутнефтегаз” пакуль не плануюць прадаваць нафту наваполацкаму прадпрыемству ў наступным месяцы, бо баяцца трапіць пад другасныя санкцыі. “Гэта можа быць фатальным”. Так эксперт у нафтавай тэматыцы Таццяна Манёнак пракаментавала сітуацыю. “Нафтан” перапрацоўвае 9-10 мільёнаў тон нафты ў год, гэта палова перапрацоўкі краіны. Яго прадукцыя ідзе і на ўнутраны рынак, і на знешні рынак, на працу “Нафтана” завязаная работа “Паліміра” і “Магілёўхімвалакна”. Замясціць гэтыя аб’ёмы аб’ектыўна будзе вельмі цяжка. У такім разе ўсю працу па забеспячэнні ўнутранага рынку і экспарце павінен будзе весці НПЗ у Мазыры, а той акурат з наступнага месяца збіраўся ісці на рамонт.
Праўда, пагрозы з боку Расеі – гэта заўсёды пытанне не адназначнае. Палітолаг Вольга Харламава ў каментары для “Еўрарадыё” выказала меркаванне, што пагроза спынення паставак расейскай нафты на “Нафтан” — гэта ні што іншае, як чарговая спроба расіян шантажаваць Лукашэнку. Санкцыі ЗША ў такім разе – проста фармальная падстава, каб прымусіць кіраўніка Беларусі дзейнічаць неабходным для іх чынам.
У той жа час праблемы паўсталі ў Міністэрства энергетыкі. Раней Кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіравання Павел Латушка звярнуўся да шведскіх кампаній, каб яны не супрацоўнічалі з беларускім рэжымам. У прыватнасці, гаворка ішла пра Шведскае экспартна-крэдытнае таварыства EKN, якое страхуе крэдыт нямецкіх банкаў на пастаўку газавых турбінаў Siemens для БелАЭС. Па словах Латушкі, пасля таго, як тэмай зацікавіліся шведскія медыя, EKN замарозіла здзелку для далейшага разбіральніцтва. А гаворка ідзе пра мільёны даляраў. Праўда, у Мінэнерга кажуць, што ім пакуль нічога невядома. Але з часам такіх адмоў ад супрацоўніцтва з беларускімі дзяржаўнымі структурамі і кампаніямі можа быць толькі больш.
Беларускае Радыё Рацыя