Ці зацікавіцца бізнес прадпрыемствамі-банкрутамі?



Пра тое, на якіх умовах бізнес-супольнасць магла б дапамагчы абанкруціўшымся дзяржаўным прадпрыемствам, распавядае сустаршыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Віктар Маргелаў.

У краіне павялічваецца колькасць прадпрыемстваў-банкрутаў. Па звестках Вярхоўнага суда, у вытворчасці эканамічных судоў на 1 студзеня 2016 году налічвалася 70 спраў аб эканамічнай безгрунтоўнасці ў адносінах да прадпрыемстваў, якія маюць важнае значэнне для краіны. Па выніках 11 месяцаў 2015 года, кожнае пятае прадпрыемства ў краіне было стратным.

Віктар Маргелаў: Безумоўна, бізнес можа зацікавіцца такімі прадпрыемствамі. Але – пры пэўных умовах. Па-першае, у беларускага бізнеса з-за шэрагу аб’ектыўных прычын няма грошай, каб купляць банкруты па тых коштах, што выстаўлены дзяржавай. Гэта, як правіла, завышаныя сумы і, да таго ж, на дэвальвацыях у Беларусі ўжо вырасла цэлае пакаленне. І гэтыя дэвальвацыі з’елі грошы беларускага прадпрымальніцтва. Таму сёння асабіста я бачу адзіны рэальны варыянт у гэтай сітуацыі – паступіць так, як у Германіі. Там у Канстытуцыі запісана: “Тая ўласнасць святая, якая прыносіць карысць грамадству”. Суадносна, калі дзяржаўная ўласнасць стратная, то трэба вырашаць пытанне шляхам перадачы яе тым, хто па конкурсе бізнес-планаў прадаставіць рашэнне.

РР: Шляхам бясплатнай перадачы?

Віктар Маргелаў: Ніхто не кажа, што абсалютна без грошай, але ж ніхто не будзе яшчэ і плаціць вялікія грошы, каб павесіць сабе на шыю банкрута разам з яго запазычанасцямі і іншымі праблемамі. Таму ёсць схемы і ёсць мадэль. Мы бачым вырашэнне праблемы ў межах стварэння як мінімум аднаго інавацыйна-тэрытарыяльнага кластэра. А далей усё проста – ёсць актывы і пасівы. Хто гатовы эфектыўна гэта выкарыстоўваць? Яму перадаем прадпрыемства ў долю і далей працуем на долях адсоткаў ад будучага прыбытку. А не так, што ў адным НПА згарэў корпус, а нам кажуць: “Калі б нейкі камерсант аднавіў гэты корпус, то мог бы і арэндаваць яго”. Пытаюся: “Па якіх стаўках?”. Адказваюць: “Павышаючы каэфіцыент 3 не будзем браць, возьмем – 2». Адным словам, грошы ў нас любяць забраць на роўным месцы. Гэта не толькі немэтазгодна эканамічна, але і несправядліва. Трэба спачатку вынік атрымаць, а затым ужо грошы размяркоўваць. Вось на такія прынцыпы мы і спадзяемся.

РР: Такія ініцыятывы вы прапаноўвалі?

Віктар Маргелаў: Так, рыхтуемся да сустрэчы са старшынёй Менгарвыканкама. Паглядзім, які будзе вынік, бо ведаем, што існуе мноства абмежаванняў. Для нашых чыноўнікаў нават рыдлёўку перадаць ва ўласнасць прыватніка (а не прадаць у тры разы даражэй, чым тая каштуе) – вельмі складаная справа. Але гэты стэрэатып трэба ламаць.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя