Ці завершыцца эканамічная інтэграцыя Расеі і Беларусі да канца году?



Эканаміст Леў Марголін распавёў пра перспектывы расейска-беларускай эканамічнай інтэграцыі.

Пасол Беларусі ў Расеі Уладзімір Сямашка заявіў, што Беларусь разлічвае завяршыць эканамічную інтэграцыю з Расеяй да 1 студзеня.

«Стаяць такія задачы, як у найкарацейшы тэрмін, літаральна да 1 студзеня 2022 года, стварыць адзіны рынак нафты, нафтапрадуктаў, адзіны рынак газу, адзіны рынак электраэнергетыкі, адзіны транспартны рынак, весці адзіную прамысловую і сельскагаспадарчую палітыку, правесці ўніфікацыю падатковага і мытнага заканадаўстваў”, — падкрэсліў пасол.

Леў Марголін: На мой погляд, проста нерэальна завяршыць эканамічную інтэграцыю з Расеяй да канца гэтага году. Трэба ўзгадніць і падпісаць усе дарожныя мапы – умовы, на якіх інтэграцыя павінна здзяйсняцца. Іх адпрацоўвалі некалькі год, а цяпер трэба імплементаваць. То бок, прыняць усе неабходныя законы, пастановы і гэдак далей.

Справа не ў тым, што заканадаўцы будуць супраціўляцца, а ў тым, што ўсё патрэбна давесці да выканаўцаў, узгадніць, як паміж сабой будуць кантактаваць органы двух краін.

Таму можна тэарэтычна “завяршыць інтэграцыю” да канца года, а на справе гэта пакуль не будзе працаваць. Мне падаецца, што гэта яшчэ – даволі далёкая перспектыва.

РР: Ці пойдзе Расея на тое, каб былі роўныя ўмовы на рынках, скажам, для сельскагаспадарчай прадукцыі двух краін?

Леў Марголін: Думаю, на гэта Расея якраз-такі можа вельмі лёгка пайсці, бо мы бачылі: калі Маскве трэба спыніць нейкі паток беларускай сельскагаспадарчай прадукцыі, то знаходзяцца іншыя важкія прычыны. То ў санітарных інстанцый з’яўляюцца пытанні, то яшчэ нешта вынаходзяць…

Але гэта не санкцыі супраць усёй беларускай прадукцыі. Гэта, скажам так, кропкавыя абмежаванні. Праўда, гэтых кропак можа з’явіцца вельмі шмат.

РР: Ці можа перайсці эканамічная інтэграцыя ў палітычную?

Леў Марголін: У бліжэйшы час – не, бо Расея такім чынам аўтаматычна патрапіць пад новыя санкцыі. Калі Захад не прызнае сённяшні беларускі рэжым, то ён не прызнае і розныя палітычныя захады па аб’яднанні.

Крамлю не патрэбна такое палітычнае аб’яднанне ў гэты час, бо там разумеюць: гэта вельмі таксічная справа.

Беларускае Радыё Рацыя