Ці зменіцца курс даляра да канца году?



Экс-старшыня Нацыянальнага банку Беларусі Станіслаў Багданкевіч распавядае пра бліжэйшыя перспектывы для беларускай нацыянальнай валюты.

Станіслаў Багданкевіч

Прэзідэнцкія выбары ў ЗША выклікалі хваляванні на сусветных валютных рынках, што адбілася і на беларускім. Курс даляра ўмацаваўся на 0,0021 беларускага рубля, курс еўра – адразу на 0,0268.

Станіслаў Багданкевіч: Нягледзячы на тое, што перамога на выбарах у ЗША Трампа ўскалыхнула сусветныя рынкі, вялікіх ваганняў на беларускім валютным я не прагназую. Усё-такі сёння курс валюты ў нас больш вызначаецца попытам і прапановай. І што мы назіраем зараз? Попыт не павялічваецца (і не павялічыцца), бо прыбыткі насельніцтва зніжаюцца, а бізнес, які набывае валюту для імпарта, таксама ў крызісе.

РР: Але ж, напэўна, могуць паўплываць і знешнія фактары?

Станіслаў Багданкевіч: Беларуская эканоміка завязана ў асноўным на Расею, а тая таксама знаходзіцца ў стагнацыі, якая будзе працягвацца. І так ужо атрымліваецца, што менавіта стагнацыя эканомікі і трымае ў раўнавазе беларускі рубель, калі ўлічваць, што Нацбанк не друкуе “пустыя” грошы. І насельніцтва вымушана жыць за раней зробленыя зберажэнні.

РР: Ці можна людзям без апасенняў захоўваць грошы ў беларускіх рублях?

Станіслаў Багданкевіч: Калі толькі на кароткатэрміновых дэпазітах, каб не рызыкаваць. Усё ж-такі ёсць і глыбінныя моманты, якія могуць прывесці да абвалу рубля. Але да канца года не варта чакаць шокавых падзенняў нацыянальнай валюты альбо наадварот.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя