Ці зможа ўлада ўтрымаць беларускі рубель?



Золатавалютныя рэзервы Беларусі вельмі сціплыя на фоне суседзяў па рэгіёне. Зазірнем за «парог болю», які прымусіць адпусціць курс у свабоднае піку.

У мінулым чыноўнікаў ратавала тое, што яны актыўна рэфінансавалі даўгі — гэта значыць замяшчалі старыя даўгі новымі. Напрыклад, у чэрвені 2020-га ўлады змаглі прадаць еўрабонды на агульную суму 1,25 млрд USD. Праўда, ужо ў жніўні супастаўныя грошы Нацбанк растраціў на падтрымку «зайчыка». Затым восенню праз Расію ўдалося праціснуць пастанову аб выдзяленні 500 млн USD Еўразійскім фондам стабілізацыі і развіцця. А пад самы новы год у краіну паступіў першы транш дзяржкрэдыту ад урада РФ, пішуць banki24.by.

У 2021 годзе Мінфін можа толькі марыць аб такіх вялікіх сумах. У канцы лютага міністр фінансаў Селіверстаў паведаміў, што планы па выпуску новых еўрабондаў пакуль не актуальныя.

Сёлета МФ РБ можа дазволіць сабе выйсці на Маскоўскую біржу. Аднак аб’ёмы там па традыцыі вельмі невялікія — высокая верагоднасць, што ў Мінску не замахнуцца і на 300 млн USD у эквіваленце.

Што да саміх ЗВР, то да 1 красавіка яны ўпалі да 6,940 млрд USD. У Нацбанку кажуць, што да канца года рэзервовыя актывы застануцца вышэй за 6 млрд USD. Але гэта ж фармальна значыць і тое, што НБРБ дапускае далейшае зніжэнне рэзерваў.

Акрамя ЗВР у вызначэнні МВФ ва ўладаў ёсць невялікі рэзерв за межамі афіцыйнай скарбонкі. На 1 красавіка памер гэтага рэзерву склаў 134,9 млн USD у эквіваленце. Пры гэтым на 1 студзеня запас быў значна вышэйшы-590,6 млн USD. Грошы часткова перацяклі ў склад ЗВР, часткова былі выдаткаваныя ўладамі.

Каб ацаніць запас трываласці Нацбанка і Мінфіна, можна паглядзець на запланаваныя выдаткі рэзерваў. Да 1 красавіка будучыя выдаткі па тэрміне пагашэння доўгу да месяца склалі 0, 5 млрд USD, да 3 месяцаў — 0, 9 млрд USD, да 1 года — 3,3 млрд USD. Адпаведна, прыкладна на такія сумы могуць скараціцца ЗВР Беларусі, калі ўлады зусім не знойдуць грошай на рэфінансаванне валютных абавязанняў.

Калі чыноўнікі не будуць выдаткоўваць золата і будуць выдаткоўваць толькі валютную частку рэзерваў, то праз 12 месяцаў ад яе застануцца рожкі ды ножкі — 0,3-0,4 млрд USD. Таму для ўладаў важна знайсці грошы, дзе заўгодна: прыцягнуць у 2021 годзе другі транш дзяржкрэдыту РФ, выйсці на расійскі рынак з аблігацыямі Мінфіна, разжыцца ў кітайцаў незвязаным крэдытам у юанях… Аднак пытанне — хто ж яму дасць?