Ці знізіць Расея цану на газ для Беларусі?
Кіраўнік праекта “Кошт урада” Уладзімір Кавалкін распавядае пра тое, чаму прэм’ер-міністр Беларусі лічыць несправядлвіай цану на расейскі газ.
У інтэрв’ю РИА «Новости» спадар Кабякоў заявіў, што цана на расейскі прыродны газ для Беларусі павінна складаць 80 даляраў за тысячу кубаметраў замест цяперашніх 142 даляраў.
«Цана прыроднага газа напачатку 2014 году складала 165 даляраў за тысячу кубаметраў, і гэта было пры курсе расейскага рубля 32-33 за даляр, – сказаў прэм’ер-міністр Беларусі. – На 1 студзеня 2015 году ў нас цана на газ стала 142 даляры… Даляр з таго часу стаў каштаваць больш за 60 расейскіх рублёў. Лагічна, што газ ужо павінен каштаваць дзесьці 80 даляраў, а ў нас – 142”.
Уладзімір Кавалкін: Улічваючы, што цэны на энерганосьбіты на сусветных рынках знізіліся, жаданне Кабякова атрымаць дысконт на газ вельмі зразумелае. Калі цэны падаюць, то старая цана з дысконтам перастае быць дысконтам. З іншага боку – бюджэт Беларусі зусім у кепскім стане, і любая зніжка, любая дапамога з боку Расеі не будзе залішняй. Таму што пры цане 30 даляраў за барэль нафты беларускі бюджэт мае дэфіцыт 10-12 адсоткаў. Суадносна, каб нейкім чынам закрыць гэтыя дзіркі ў бюджэце, неабходна выбіваць нейкія дадатковыя зніжкі, крэдыты, павялічваць падаткі і гэдак далей. Патрабаванне знізіць цану на расейскі газ – адна з форм атрыманне дадатковых сродкаў для пакрыцця дэфіцыта бюджэта.
РР: Ці знізіць Расея цану на газ для Беларусі?
Уладзімір Кавалкін: Складана сказаць, бо Расея сама знаходзіцца ў дастаткова складаным фінансавым становішчы. Праўда, наўрад ці Масква хоча, каб у Беларусі была дэстабілізавана эканамічнае і сацыянальнае становішча, таму, хутчэй за ўсё, на нейкія саступкі яна пойдзе. Праўда, не на тыя, што патрабуе той жа беларускі прэм’ер. Гэта, хутчэй за ўсё, стане прадметам гандлю.
РР: Акрамя таго, беларускі бок лічыць несправядлівымі разлікі за прадукцыю ў расейскіх рублях, а за энерганосьбіты – у далярах…
Уладзімір Кавалкін: Гэта старая рыторыка, і, на мой погляд, не мае прынцовага значэння, у якой валюце ідуць разлікі. Калі б разлікі былі ў беларускіх рублях, то гэта было б выгодна для Беларусі. Выгода была б дэвальвацыйная. Умоўна кажучы, можна ўзяць крэдыт, дэвальваваць уласную валюту, а затым вяртаць менш. А плаціць ці ў далярах, ці ў расейскіх рублях – вялікай розніцы няма, таму што ўрад Беларусі не кантралюе ні той, ні другі курс. Гэтыя курсы складваюцца на знешніх рынках па абставінах, якія не залежаць ад Беларусі.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя