Ці знізіцца інфляцыя?
“Па інфляцыі прагнозы могуць быць як аптымістысныя, так і наадварот”, – лічыць эканаміст Барыс Жаліба.
Час высокай інфляцыі можа з 2016 году застацца ззаду, лічаць аналітыкі Еўразійскага банка развіцця, каментуючы рашэнне беларускіх уладаў аб правядзенні дэнамінацыі.
На думку расейскіх эканамістаў, рашэнне беларускіх уладаў аб дэнамінацыі сведчыць аб іх гатоўнасці прымаць меры, накіраваныя на зніжэнне тэмпаў росту спажывецкіх коштаў, паведамляе БелаПАН. Варта адзначыць, што Нацбанк агучыў днямі пра планы рэгулятара зніжаць інфляцыю на працягу ўсёй новай пяцігодкі.
Згодна прэзентацыі Нацбанка на канферэнцыі “Эканоміка Беларусі: ізноў перад выбарам”, у 2016 годзе інфляцыю ў Беларусі плануецца знізіць да 12 %, у 2017-м – да 9%, у 2018-м – да 7%, у 2019-м – да 6%, а ў 2020-м забяспечыць рост спажывецкіх коштаў не вышэй за 5 адсоткаў.
Барыс Жаліба: З аднаго боку Нацыянальны банк зараз вядзе даволі жорсткую крэдытна-грашовую палітыку. Няма істотнага павелічэння рублёва-грашовай масы. І, калі параўноваць гадавую інфляцыю па замеру на пачатак году і зараз, то поспехі таксама ёсць. Калі Нацбанк здолее захаваць такую жорсткую палітыку на ўмеранае павелічэнне грашовай масы, крэдытнай эмісіі, то можна даваць больш аптымістычныя прагнозы.
РР: Якія фактары могуць паўплываць наадварот – на рост інфляцыі?
Барыс Жаліба: Эканоміка Расеі будзе пад прэсам заходніх санкцый і нізкіх нафтавых коштаў. Яна ў крызісе. А значыцца гэта закране і беларускую эканоміку. Зразумела, што беларускія ўлады ні на якія радыкальныя рэформы не пойдуць, а значыць на Нацбанк ізноў могуць націснуць наконт дадатковай крэдытнай эмісіі, у плане падтрымкі стратных прадпрыемстваў. І, як не раз бывала, жорсткая крэдытна-грашовая палітыка пачне размякчацца. Так што разам з аптымістычнымі прагнозамі, можна знайсці месца і для песімістычных. Паўтаруся, інфляцыя можа пайсці ўніз, калі не будзем раскідвацца грашыма і крэдытамі. І трэба, каб для нас адкрыўся традыцыйны расейскі рынак, і мы маглі прадаваць сваю прадукцыю ў старых памерах. Але ж не бачна, што нешта зменіцца ў расейскай эканоміцы ў наступным годзе. А ў Беларусі замест паўнавартасных рэформаў улады, думаю, прапануюць нейкія паўмеры касметычнага характару.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота svaboda.org