Ці знізіцца інфляцыя да 9 адсоткаў?



“Планы Нацбанка занадта аптымістычныя”, – мяркуе эканаміст Барыс Жаліба.

Нацыянальны банк плануе знізіць у наступным годзе базавую інфляцыю да 9%. Пра гэта паведаміў начальнік Галоўнага ўпраўлення манетарнай палітыкі і эканамічнага аналізу Нацбанка Дзмітрый Калечыц.

“Сярэднетэрміновым мэтавым арыенцірам інфляцыі для Нацыянальнага банка з’яўляецца выхад на адназначную велічыню. У 2016 годзе Нацбанк плануе знізіць базавую велічыню да 9 адсоткаў”, – адзначыў спадар Калечыц.

РР: Ці рэальна знізіць інфляцыю да 9 адсоткаў?

Барыс Жаліба: Тут трэба задацца іншым пытаннем: наколькі рэальна ўкласціся ў параметр 18 адсоткаў па інфляцыі ў гэтым годзе? Гэтую ж лічбы ўлады таксама ставілі перад сабой за мэту. У сувязі з тым, што напачатку году Нацбанк прытрымаў крэдытную эмісію, скарачалася рублёвая маса, у гэтым годзе рэальна была інфляцыя нават на ўзроўні 16 адсоткаў. Але ў апошнія месяцы грашовая маса стала паціху расці. Відаць, каб сыйсці ад застоя (УВП за квартал істотна знізіўся), Нацбанк вырашыў вярнуцца да старой палітыкі павелічэння крэдытнай эмісіі, каб крыху ажывіць эканоміку, а УВП пайшоў у плюс. Таму вельмі складана спрагназаваць, што будзе ў наступным годзе. Калі ўлады вярнуцца да старых тэндэнцый, то выйсці на 9 адсоткаў нерэальна.

РР: Адным словам, заява пра 9 адсоткаў інфляцыі ў наступным годзе – не больш, чым аптымістычныя словы?

Барыс Жаліба: Занадта аптымістычныя. Але гэта насамрэч галоўная задача Нацбанка, яго блакітная мара – увайсці ў зону адназначнай інфляцыі. Дарэчы, у 2006-2007 гадах інфляцыя складала ўсяго 7-8 адсоткаў. Але з таго часу ў краіне рост інфляцыі непамерны.

РР: На ваш погляд, ці ёсць ва ўладаў дакладны план, як утрымаць інфляцыю?

Барыс Жаліба: Я гэты план не бачу. У нас жа як звычайна? Асноўныя спадзяванні – на крэдыты. Няма знешніх крэдытаў – няма магчымасці і падымаць заробкі. Суадносна – няма ўнутранага попыту на прадукцыю. І тады эканоміка пачынае “разганяцца” пустымі грашыма. Шчыра кажучы, я не бачу, што ў апошні час нешта моцна змяняецца. Краіне ізноў неабходны 2-2,5 мільярды, якія можа даць толькі Расея.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота nv-online.info