Ці з’явіцца беларускі порт у Расеі? Лукашэнка і сам не ведае



Улады вырашаюць, ці трэба будаваць порт у Расеі, ці не. Праект абмяркоўваецца не першы год, а Лукашэнка блытае сваімі нярэдка супярэчлівымі выказваннямі. 18 ліпеня адбылася чарговая нарада. У яе пачатку ён заявіў: “Неабходна канчаткова вызначыцца, што трэба — будаваць тэрмінал, порт або мадэрнізаваць які-небудзь існуючы, і неадкладна пачынаць працу. Наколькі я ведаю, дзесьці пад Ленінградам мы і будуем, і мадэрнізуем. Пад Мурманскам пакуль целяпаемся”.

Першы віцэ-прэм’ер Мікалай Снапкоў пасля нарады сказаў, што рашэння па-ранейшаму няма. З яго слоў вынікае, што Беларусь усё яшчэ сумняваецца ў мэтазгоднасці будаўніцтва ў Расеі партовых магутнасцей, галоўнай рызыкай з’яўляецца нізкая цана на калійныя ўгнаенні, якая не дае магчымасці свабодна ўкладвацца ў інфраструктуру. То бок, праблема ў фінансах.

З прычыны заходніх санкцый і вайны ва Украіне ўрад Беларусы вымушаны адпраўляць калійныя ўгнаенні за мяжу выключна праз Расею.

Банкам дазволілі патрабаваць ад беларусаў датэрміновага вяртання крэдыту

Гэта замацавана ў новым указе Аляксандра Лукашэнкі “Аб змяненні законаў па пытаннях банкаўскай дзейнасці”.

Дакументам акрэслены пералік выпадкаў, пры якіх банк можа запатрабаваць вярнуць грошы датэрмінова. “Да іх аднесеныя падставы, якія аб’ектыўна ствараюць значныя рызыкі невяртання крэдыту”, — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы Лукашэнкі.

У той жа час банкам забаранілі павышаць працэнтную стаўку крэдыту, калі кліент не паспеў аплаціць усю суму ў тэрмін. Таксама абмежаваныя памеры няўстоек і штрафаў для тых, хто не выконвае ўмовы па крэдытнай дамове.

Гандаль абавязалі мець у продажы асартыментны мінімум тавараў

Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю ўвяло прамую норму, якая прадугледжвае абавязак суб’ектаў гандлю забяспечыць наяўнасць у продажы абавязковага мінімуму тавараў за кошт прадукцыі айчыннай вытворчасці і тавараў з краін ЕАЭС. Пра гэта паведамляе прэс-служба ведамства.

Дакументам таксама карэктуюцца тэрміны абавязковай наяўнасці ў продажы свежай плодаагародніннай прадукцыі (бульба, морква, буракі сталовыя, капуста белакачанная, цыбуля рэпчатая, яблыкі) з улікам сезона ўраджаю і міжсезоннага перыяду, на працягу якога забяспечваецца выкарыстанне стабілізацыйных фондаў тавараў.

Крэдыт на жыллё ў Польшчы пад 2 працэнты. Якія вынікі?

У рамках праграмы на першую кватэру або дом можна ўзяць прывабны іпатэчны крэдыт пад 2 працэнты. Каля 4,5 тысячы заяў, пададзеных на ўрадавую праграму “Першая кватэра”, чакаюць рашэння аб крэдытаванні, паведаміў Міністр развіцця і тэхналогій. Вальдэмар Буда падкрэсліў, што праграма карыстаецца зацікаўленнем:

– У большасці гэта асобы, якія ўжо раней цікавіліся іпатэчным крэдытам, але не мелі крэдытаздольнасці. Наша праграма прапануе крэдыт, якога штомесячныя выплаты на 40-45 працэнты ніжэйшыя, чым звычайна. Дзякуючы гэтаму вырасла група асоб, якія зараз маюць крэдытаздольнасць.

У рамках праграмы на першую кватэру або дом можна ўзяць іпатэчны крэдыт пад 2 працэнты. Для адзінокіх сума крэдыту не можа перавышаць 500 тысяч злотых, для сямейных пар – 600 тысяч злотых.

Беларускае Радыё Рацыя