Ці з’явіцца ў Беларусі іпатэка?
У 2021 годзе ў Беларусі можа з’явіцца паўнавартасная іпатэка на жыллё, паведаміў у эфіры «Беларусь 1» міністр эканомікі Дзмітрый Круты.
Чыноўнік сказаў, што Мінэканомікі распрацавала праект указа кіраўніка краіны аб укараненні іпатэкі. Але канчатковым гэты варыянт назваць пакуль складана. Магчымасць з’яўлення іпатэкі ўвязваюць з тэмпамі інфляцыі, якія ўсё яшчэ высокія ў Беларусі, кажа эканаміст Леў Марголін.
– Ніхто не будзе браць пазыку ў іпатэку, калі па ёй трэба плаціць больш за 2-3% на год. Гэта ўсё ж такі доўгая справа. Гэта на 25-30, нават на 40 гадоў. Чалавек павінен у некалькі разоў больш заплаціць, чым ён бярэ. Ва ўсім свеце іпатэка вельмі танная. І таму, каб яна запрацавала рэальна, інфляцыя павінна быць зніжана да такой ступені, каб банкі маглі прапаноўваць іпатэту пад вельмі нізкі працэнт.
– Вельмі шмат яшчэ момантаў трэба балансаваць з дзяржаўнымі органамі, каб максімальна засцерагчы грамадзян пры ўкараненні гэтага інстытута. Ключавым, напэўна, стане момант забеспячэння прымальных макраэканамічных параметраў у 2019-м і 2020 годзе. І, можа быць, з 2021 года мы ўжо іпатэку будзем запускаць на паўнавартаснай аснове ў Беларусі, – заявіў міністр эканомікі Беларусі Дзмітрый Круты.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя