Ці з’явіцца ў Беларусі свой “чаркізаўскі рынак”?



Полацкая прадпрымальніца Вольга Шарстабітава распавядае, чаму беларускім уладам не пад сілу зрабіць у краіне “айчынны чаркізон”.

Яшчэ ў мінулым годзе падчас абмеркавання праекта ўказа “Аб некаторых пытаннях рэалізацыі тавараў індывідуальнымі прадпрымальнікамі і іншымі фізічнымі асобамі” Лукашэнка заявіў: Я некалькі гадоў таму даручаў стварыць у Беларусі “чаркізаўскі рынак”, каб нашы прадпрымальнікі не ездзілі ў Маскву ці яшчэ куды-небудзь. Дзе паглядзець гэты рынак? Чаму вы не стварылі такое прадпрыемства?

Гэтая ж тэма “ўсплыла” і падчас нядаўняй сустрэчы кіраўніка краіны з прадпрымальнікамі на “Экспабеле”. Але, як бачым, пакуль што далей за словы справа не ідзе.

Вольга Шарстабітава: Найперш хачу сказаць, што многія прадпрымальнікі незадаволены вынікамі сустрэчы з кіраўніком краіны. Маю на ўвазе, што бесперспектыўнай выглядае сітуацыя.

РР: Чаму так песімістычна?

Вольга Шарстабітава: Рэшткі дазволілі распрадаць да 1 студзеня 2016 году. Але далей што? У Маскве, як не давалі раней сертыфікаты, так і не будуць даваць. Тады, якія зрухі для нас у лепшы бок, калі нічога не змяняецца па сутнасці? Ізноў-такі – не зразумела, як хутка будзе павышацца падатак для ІП, бо некаторыя баяцца, што ўжо ў верасні-кастрычніку прыйдзецца сыйсці з рынкаў. Калі зробяць каэфіцыент 4, то ў рэгіёнах складана будзе яго пацягнуць. Адным словам, улада нам дала проста перадыхнуць на час. А як можна будаваць свой бізнес, калі ты пастаянна ў напружанні і невядомасці? Калі не ведаеш, што рабіць далей – развівацца ці скарачацца.

РР: Але ж улада хоча аблегчыць вам жыццё – зрабіць беларускі “чаркізаўскі рынак”.

Вольга Шарстабітава: Здаецца, яшчэ дзесяць гадоў пачыналі аб гэтым гаварыць. І шмат што змянілася? Калі яны да гэтага часу не знайшлі магчымасць ажыццявіць такі праект, то чаму мы павінны верыць, што зараз у іх усё атрымаецца? Ды і не верыць ніхто. Калі і зробяць больш-менш буйную аптовую базу, то там усё роўна не будзе такі асартымент тавараў, як на “чаркізоне”. Нават там асартымент зараз скарачаецца, адкуль тады яму ўзяцца ў Беларусі? Пра кошты і казаць не буду, бо і так імнешся купляць самае таннае, бо ў людзей няма грошай набываць дарагія рэчы. Паўтаруся, зрабіць аналаг “чаркізаўскага рынка” ў Беларусі зараз проста нерэальна. Дзе ўлада возьме на гэта грошы? Знойдзе багатага інвестара? Не думаю, што нехта стане рызыкаваць.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя