Ці з’явяцца “шэрыя” схемы пасля ўвядзення расейскіх санкцый?
Расея забараніла на год імпарт з ЕЗ і ЗША сельскагаспадарчай прадукцыі, сыравіны і харчавання, але ці не з’явяцца пасля гэтага “шэрыя” схемы ўвозу ў Расею гэтай групы тавараў праз Беларусь? Пра гэта распавядае эканаміст Барыс Жаліба.
Барыс Жаліба: Я не выключаю, што такія схемы з’явяцца, таму што пры ўсім тым, што расейскі бок узмацняе кантроль, мяжа паміж Расеяй і Беларуссю застаецца мяжой у рамках Мытнага і Еўразійскага эканамічнага саюзаў. Закрыць яе поўнасцю на “замок” не ўяўляецца магчымым. І ў залежнасці ад таго, які складзецца ў Расеі дэфіцыт з прадуктамі харчавання, будуць набіраць моц “шэрыя” схемы. У Расеі ўжо пайшла лёгкая паніка. Напрыклад, там пачынаюць задавацца пытаннем: як мы выжывем без польскіх яблыкаў? З зімовымі сартамі ў Расеі такая ж праблема, як і ў Беларусі. Вы ж заўважылі, што ў нас сваіх яблык практычна няма. Тое самае і па іншых пазіцыях. І Беларусь можа скарыстацца гэтай сітуацыяй. Не толькі па “шэрых” схемах, але і заняць свабодныя харчовыя нішы па малочнай прадукцыі, мясу і гэдак далей.
РР: Гэта не адаб’ецца на ўнутраным беларускім рынку?
Барыс Жаліба: Можа адбіцца. Экспарт дае валюту, і беларускія ўлады могуць кінуць асноўную частку сваёй прадукцыі Расеі. А потым глядзіш – і ў сваёй краіне пачнецца дэфіцыт. Увогуле, калі рабіць вельмі песімістычны прагноз, то ўся гэтая сітуацыя з узаемнымі эканамічнымі санкцымі можа прывесці ў хуткім часе да чэргаў за прадуктамі ў магазінах не толькі Расеі, але і Беларусі. Як у савецкія часы. Зараз Крэмль бравіруе, што абыдзецца сваімі сіламі, лепш пачнуць развівацца айчынныя вытворцы, але ж на ўсё патрэбен час. А сёння – сітуацыя небяспечная. Масква сама сабе стварыла цяжкасці. Вось гэта і называецца наступствам халоднай вайны, у якую ўвязаўся Пуцін, хоць для Беларусі ёсць шанц зарабіць на гэтым. Пабачым, як ім скарыстаюцца нашы вытворцы.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота ribalych.ru